Выпадковая сустрэча праз 10 год
Сашка распавёў мне пра тое, што займаецца музыкай. А дакладней – рэпам. Але гэта не ўсё, ён грае на гітары, складае музыку і песні. Іх ужо пятнаццаць, праўда, ўвасобіць у жыццё ён здолеў пакуль толькі шэсць.
На першым курсе будаўнічага ліцэю Саня ўбачыў выступ аднагрупнiка, захацеў навучыцца граць на гітары. Тут яго і панесла… Граў каля пяці-шасці гадзін кожны дзень, гітара – інструмент складаны, патрабуе шмат часу. Здавалася, што струны былі зробленыя з матэрыялу, падобнага на лязо. Спачатку пальцы «сціраліся да крыві, а потым сталі цвёрдымі, як дрэва. Нават выпадак выйшаў прышпільны: трэба было здаць аналіз крыві, Саня папярэдзіў медсястру пра «драўляную» скуру на левай руцэ. Рашучая медсястра адказала: «Праб’ем». Але яна памылілася, кроў амаль не цякла, у выніку прыйшлося браць з «нетрадыцыйнай» правай.
Нарэшце, гітару засвоіў, захапіўся рэпам. Песні складаў сам, запісваў таксама. А апрацоўваў з аднагрупнiкам Пецяй (Gangster). Разам запісалі два трэкі, астатнія чатыры Саня (Snow) запісаў сам. Пад лагінамі Gangster і Snow іх многія ведаюць у інтэрнэце.
Трэкі я слухаў, спадабалася. Усё выдатна, акрамя якасці некаторых кампазіцый. Але аўтарскай віны тут няма: студыя – 40 тысяч за трэк, але апаратура дрэнная. Ёсць другі варыянт – добрае абсталяванне, але за 100 тысяч.
Саня марыць не толькі аб тым, каб удасканальваць сваё майстэрства ігры на гітары і пісаць новыя песні. Ён хоча спяваць не толькі для сябе і сяброў, а для ўсяго Гродна. Вось такім «музычным» вырас мой дзіцячы сябар. Калі развітаўся з ім, падумаў: а якое ўражанне ён атрымаў ад мяне?…