«Сакавіцкае шаленства»
Гульні ¼ фіналу чэмпіянату краіны пачынаюцца 5 сакавіка ў Гомелі, Мінску, Магілёве і Жлобіне.
Гарадзенскіх заўзятараў хакею найперш цікавяць найбліжэйшыя гульні ў Гомелі. 5 і 6 сакавіка мясцовы хакейны клуб, які ў рэгулярным чэмпіянаце краіны стаў 2-м, прымае гарадзенскі «Нёман» (7-е месца ў чэмпіянаце). Сустрэчы ў адказ пройдуць 9 і, калі спатрэбіцца, 10 сакавіка ў Гродне. Калі спатрэбіцца – гэта на той выпадак, калі да таго моманту на рахунку адной з каманд не будзе трох перамог у гэтым супрацьстаянні. Калі ж па выніках 2-х сустрэч у Гомелі і 2-х – у Гродне на рахунку супернікаў будзе роўная колькасць перамог, то пераможца ў гэтай пары вызначыцца ў рашаючай гульні ў Гомелі, якая адбудзецца 12 сакавіка.
У сёлетнім чэмпіянаце каманды сустракаліся паміж сабой чатыры разы. Кожны раз перамагалі хакеісты з берагоў Сожа: 3-2, 3-2, 1-0 і 3-2.
Пікантнасць гульням надае той факт, што галоўны трэнер «Нёмана» Дзмітрый Краўчанка яшчэ зусім нядаўна працаваў у трэнерскім штабе «Гомеля», адкуль вымушаны быў зыйсці пасля скандальнага выпадку з бойкай з міліцыянтам, які ледзь не скончыўся зняволеннем трэнера.
В. Дрэма
На здымку: гарадзенцы штурмуюць браму сапернікаў.
Фота Яраслава Ванюкевіча