На Гродзеншчыне распачаўся сезон “дзіцячых” пажараў
Супрацоўнікі МНС лічаць, што пажары з-за дзіцячых гульняў з вагнём у большасці выпадкаў здараюцца па віне дарослых.
Сярод апошніх – выпадак на гродзеншчыне, калі бацькі пайшлі на працу, старэйшыя дзеці ў школу, а ў хаце засталіся 5-гадовы хлопчык і яго 6-гадовая сястра. Запалкі дарослыя пакінулі на кухні.
Узяўшы іх, дзеці вылезлі з хаты праз вакно. У сараі яны падпалілі паперу ды смецце і назіралі за вагнём.
Толькі калі вогнішча моцна разгарэлася, дзеці спужаліся і збеглі.
Выратавальнікаў выклікалі суседзі.
Праз дзень падобным чынам развіваліся падзеі ў адным з прыватных дамоў у Слоніме.
Пакуль бабуля была на прыцы, яе 13-гадовы ўнук і 10-гадовая ўнучка на паддашшы рабілі сабе будан са старых матрацаў.
У будане яны забаўляліся тым, што падпальвалі і тушылі аркушы паперы.
Калі забава ім надакучыла, падлеткі пабеглі гуляць у суседні двор.
Дым на паддашшы заўважыў сусед, які і выклікаў выратавальнікаў.
Летась з-за дзіцячых гульняў з вагнём у вобласці здарылася 64 пажары.
Паводле http://mchs.grodno.by