Як можна вымерыць ступень пацыфізму?

|

Канферэнцыя адбылася ў Мінску. Але мы ўпэўненыя, пытанні паднятыя на ёй, хвалююць маладых людзей ва ўсіх гарадах краіны. Ініцыятарамі мерапрыемства выступіла Асветніцкая ўстанова «Цэнтр прававой трансфармацыі» ў супрацоўніцтве з Лонданскай школай эканомікі і палітычных навук (Велікабрытанія).

 

Для абмеркавання пытанняў альтэрнатыўнай воінскай службы сабраліся вядучыя эксперты краін Еўропы і СНД: Украіна, Малдова, Расія, Арменія і інш., прадстаўнікі дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь: Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сабрання РБ, удзельнікі міжведамаснай працоўнай групы, якія ўдзельнічаюць у стварэнні закону па альтэрнатыўнай службе, а таксама супрацоўнікі сацыяльных устаноў, устаноў аховы здароўя, рэлігійных арганізацый, і прадстаўнікі грамадскасці.

 

Праведзенае пілотнае даследаванне па адзнацы патэнцыйнага запатрабавання сацыяльных служб у «альтэрнатыўшчыках» паказала, што патрэбу маюць 70 устаноў Беларусі!

 

А вось як ідуць справы з альтэрнатыўнай воінскай службай у краінах СНД:

Расія: досыць ліберальны закон, дзейнічае з 2004 года. 200-250 чалавек кожны прызыў паступаюць на альтэрнатыўную службу. Каля 1000 чалавек у агульнай складанасці праходзяць яе.

Азербайджан: ёсць згадванне аб альтэрнатыўнай службе ў Канстытуцыі, ёсць згадванне ў законе аб ваеннай службе, а самога закону няма і службы, адпаведна, таксама няма.

Украіна: закон ёсць, але вельмі цвёрды – альтэрнатыва толькі па рэлігійных падставах і паводле зацверджанага спісу канфесій.

Малдова: адзін з самых ліберальных законаў. Нават заява аб альтэрнатыўнай службе падаецца не ў ваенкамат, а ў спецыяльную камісію па альтэрнатыўнай службе. Тэрмін службы не карацельны. Чвэрць заробку альтэрнатыўшчыкі аддаюць у адмысловы дзяржфонд.

Казахстан: няма альтэрнатыўнай службы.

Арменія: ёсць закон, але не працуе: цвёрды кантроль вайскоўцаў, зневажальныя працы, непрымальныя для менталітэту народа.

Грузія: адна з першых краін, якая прыняла закон, але за ўвесь час ім скарыстаўся толькі адзін чалавек. Гэта тлумачыцца становішчам у краіне.

Кыргызтан: азіяцкая мадэль, паводле якой альтэрнатыўшчыкі – гэта бацькі шматдзетных сем’яў, з якіх дзяржава стварае вызначаны працоўны рэзерв, ёсць магчымасць адкупіцца, што з’яўляецца своеасаблівым спосабам вымагальніцтва грошай з насельніцтва.

Узбекістан: яшчэ больш цвёрдая азіяцкая мадэль.

 

Удзельнікамі канферэнцыі былі выпрацаваныя асноўныя моманты, якія, па меркаванні экспертаў, абавязкова павінны быць адлюстраваныя ў будучым законе. У прыватнасці гэта:

 

– выключна грамадзянскі характар службы;

– апавяшчальны, а не доказны парадак прызначэння на альтэрнатыўную службу, каб маладому чалавеку не трэба было даказваць свой пацыфізм, ды і як яго можна вымераць? А як можна вымераць рэлігійнасць?

– працягласць тэрміну альтэрнатыўнай службы: ён павінен не больш за паўтары разы перавышаць тэрмін звычайнай воінскай службы;

– альтэрнатыўная служба пераважна павінна праходзіць па месцы пражывання;

– месцамі альтэрнатыўнай службы не могуць быць воінскія часткі і фармаванні, а таксама вайсковыя заводы і вытворчасці;

– кантроль за ажыццяўленнем службы павінен быць ускладзены на грамадзянскае ведамства. Прававыя адносіны ў альтэрнатыўнай службе павінны рэгулявацца сацыяльна-працоўным заканадаўствам. 

Фота http://new.4erdak.ru