У Гродне акальцавалі самых знакамітых у краіне птушанят

|

Як паведаміў “Твайму стылю” старшыня гродзенскага абластнога аддзялення Грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) Дзмітрый Вінчэўскі, у Гродне з дапамогай жыхароў горада сабраныя звесткі пра 12 гнёздаў рэдкай птушкі.

Усе гэтыя месцы будуць даследаваныя сябрамі АПБ у бліжэйшы час.

Пакуль Гродна застаецца другім горадам па колькасці гнёздаў сокала-пустальгі ў Беларусі пасля Брэста.

За тым, што адбываецца ў сакаліным гняздзе на Бернардынскім касцёле, з вясны назірае ўсталяваная там  вэб-камера.

З яе дапамогай атрымалася прасачыць за патаемным жыццём сокалаў – ад адкладкі першага яйка да кармленне амаль дарослых птушанят.

Цікавыя моманты з іх жыцця штодзённа выкладваюцца на сайце www.birdwatch.by і паказваюцца на вялікім экране тэлеканала «Гродна +», што размешчаны на Савецкай плошчы.

Па словах Дзмітрыя Вінчэўскага, да дарослага жыцця дажывае толькі 50-70% птушанят сокала-пустальгі.

Гарадзенскія арнітолагі просяць гарадзенцаў паведамляць пра заўважаныя гнёзды гэтай птушкі па тэлефоне +375 33 6 887589 (Дзмітрый).

 

На здымку: гарадзенскія сакаляты атрымалі сёння персанальныя нумары.

Фота Дзмітрыя Вінчэўскага