На Гародню ідзе гарачыня – купацца дазваляецца
Бяспечна плаваць у Нёмане, на возеры Юбілейным, а таксама ў сажалках і азёрах у Парэччы, Верцялішках, Азёрах, Каробчыцах, Сухаўлянах і Луцкаўлянах.
Санітарна-хімічныя паказчыкі вады ў гэтых вадаёмах правяраюць два разы на месяц, мікрабіялагічныя – штотыдзень.
У астатніх сажалках, кар’ерах, а таксама ў Аўгустоўскім канале купацца рызыкоўна. Гэтыя вадаёмы афіцыйна для купання закрытыя, бо не маюць адпаведных умоваў.
Таму і сачыць за станам вады там ніхто не будзе.
Найлепшыя ўмовы для адпачынку створаныя на Юбілейным возеры і ў раёне выратавальных станцый “Цэнтральная” і “Ласосна”.
Тут адноўлены кабінкі для пераапранання, прыбіральні і дзіцячыя пляцоўкі, зроблены душы і фантанчыкі з пітной вадой.
Падчас купальнага сезона ў вобласці працуе 9 выратавальных станцый і 13 пастоў, у раёнах санаторыяў і турбаз абсталявана яшчэ 22 ведамасных выратавальных паста.
Сёлета выратавальнікі выцягнулі з вады ўжо 11 чалавек.
У зоне іх дзеяння за 5 год не патануў ніводны адпачываючы.
На іншых вадаёмах Гродзеншчыны сёлета патанула 18 чалавек, 13 з іх – у нецвярозым стане.
Паводле http://grodnonews.by
Фота з сайта http://naviny.by