Будынак, які ацяпляе сябе сам

|

Антыподы энергазберагальнага цяпла

Найбольш энергіі «з’ядае» ацяпленне жыллёвага фонду ўзімку. З-за канструктыўных асаблівасцяў збудаванняў перыяду савецкага часу беларускія дамы марнуюць шалёную колькасць энергіі. Каля 40% энергіі забіраюць праёмы дзвярэй і вокнаў, якія недастаткова ацепленыя і маюць адну шыбу замест дзвюх. Астатнія 60% «ідуць» на перакрыцці падвалаў і гарышчаў, яшчэ – на вонкавыя сцены і вентыляцыю: як правіла, цёплае паветра сыходзіць, а халоднае трапляе ў кватэру.

 

Галоўны інжынер мінскага таварыста ўласнікаў «Ачаг» Генадзь Каленаў прыводзіць падлікі выдаткоўвання цеплавой энергіі для дамоў, пабудаваных у нас за савецкім часам. Для шматкватэрнага цаглянага дома – 400 кВт г/кв м, для шматкватэрнага панэльнага дома – 600, маласямейкі – 700 кВт г/кв м. На сайце аднаго з акцыянерных таварыстаў, якое займаецца далявым будаўніцтвам, трапляюцца больш сціплыя паказчыкі – 200–250 кВт г/кв м для тыповага панэльнага дома ў Беларусі. Такія будынкі можна назваць антыподамі энергазберагальнага жылля.

 

«Разумны» еўрапейскі дом

Параўнанне з еўрапейскай сітуацыяй будаўніцтва «дамоў нізкага энергаспажывання» ўражвае. Першы пасіўны дом, што ацяпляецца пры дапамозе цяпла, якое выдзяляюць яго жыхары, бытавыя прыборы і альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, з’явіўся ў Нямеччыне прыкладна 20 гадоў таму. Зараз на тэрыторыі Заходняй Еўропы налічваецца больш за 2 тысячы пасіўных дамоў, якія адрэканструяваныя або пабудаваныя.

 

Сусветныя арганізацыі сыходзяцца ў меркаванні, што энергазберагальны дом не мусіць перавышаць узровень энергаспажывання ў 70 кВт г/кв м у год (!). Розныя краіны маюць розныя стандарты. Напрыклад, швейцарскі стандарт «мініэнергі» прадугледжвае, напрыклад, для шматпавярховіка разліковы паказчык спажывання ацяпляльнай энергіі, цёплай вады і электрычнай вентыляцыі ў памеры 38 кВт г/кв м.

 

Ёсць тыпы энергазберагальных дамоў, якія маюць аднолькавыя паказчыкі па ўсёй Еўропе. Гэта пасіўны дом, узровень энергаспажывання якога ўсяго 15 кВт г/кв м у год. Ягоныя паказальнікі ўсталяваныя Інстытутам пасіўнага дома ў горадзе Дармштадце. У такім доме ўсё цалкам пралічана – павышаная цеплаізаляцыя будынка, кампактная форма збудавання, пасіўнае выкарыстанне сонечнай энергіі (дзякуючы арыентацыі будынка на поўдзень і адсутнасць зацямнення), вада падаграваецца з дапамогай сонечных калектараў ці цеплавых насосаў, паветра падаграецца пасіўным спосабам – напрыклад, пры дапамозе грунтавога цеплаабменніка.

 

Вышэйшы пакуль пілатаж – будынкі «плюс энергіі». Гэта калі збудаванне вырабляе энергіі болей, чым спажывае.

 

Калі бізнэс дамаўляецца з дзяржавай…

Будаўніцтва энергаэфектыўных дамоў Еўропе абыходзіцца на 5-10% даражэй за збудаванне звычайных. Таму без дзяржаўнай падтрымкі масава будаваць энергазберагальнае жыллё немагчыма. Штогод субсідыі на рэканструкцыю дамоў у Нямеччыне складаюць каля 1,5 мільярдаў эўра. Швейцарскія інвестары, якія ўкладаюць у энергазберагальнае будаўніцтва, маюць ад дзяржавы субсідыі да 50 тысяч еўра.

 

Будаўнічыя кампаніі не зацікаўленыя будаваць больш дарагія па матэрыялах і тэхналогіях энергаэфектыўныя дамы. Гэта адна з асноўных прычын, чаму на постсавецкай прасторы стрымліваецца рэнавацыя старых дамоў і пабудаванне новых па энергазберагальных тэхналогіях. Для стымуляцыі дзяржава можа выдаваць субсідыі на будаўніцтва такога жылля або даваць ільготы інвестыцыйным кампаніям, якія збіраюцца ўкладваць у будаўніцтва энергазберагальнага жылля.

 

Беларусь з 1 студзеня 2010 году перайшла на праектаванне дамоў па еўрапейскіх стандартах, а з пачатку наступнага году па еўрастандартах дамы ўжо пачнуць будаваць. Па гэтых нарматывах, расход электраэнергіі на цеплаахову канструкцыі будынка і спажыванне цеплавой энергіі за ацяпляльны сезон не мусіць перавышаць 40кВт г/кв м у год, патлумачыў першы намеснік дырэктара навукова-даследчага і праектна-тэхналагічнага прадпрыемства «Інстытут НДПТІБ» Леанід Данілеўскі.

 

Жыллё новага тыпу ў Беларусі ўжо ёсць. Адзін такога кшталту дом па вуліцы Дзяржынскага здадзены ў эксплуатацыю. Там улічаныя новыя патрабаванні і нарматывы: максімальнае захаванне цяпла, прымусовая вентыляцыя паветра, магчымасць рэгулявання тэмпературы паветра ў кватэры кожным уласнікам самастойна, адпаведна кожны і плаціць за выкарыстаную энергію па лічыльніку.

 

Яшчэ тры энергазберагальныя дамы па нямецкіх тэхналогіях пабудуюць у Гродна па вуліцы Шчорса . Дамы спраектавала інжынерная кампанія «Ideab Project» па сучасных стандартах ЕС. У гэтыя дамы будуць інтэграваныя розныя сістэмы кіравання, якія дазволяць аўтаматычна сачыць за спажываннем цяпла, энергіі і рэгуляваць гэтыя параметры.

 

Праекты не толькі правільныя, але і прывабныя

– Акрамя «правільнай» канструкцыі і ўнутранай аснашчанасці «разумнай» аўтаматыкай, дом павінен падабацца чыста звонку – таму кампанія «Ideab Project» імкнецца выкарыстоўваць радасныя колеры ў аздабленні, – расказвае карэспандэнту «Твайго стылю» прадстаўнік кампаніі Алег Карэлін.

 

На прыкладзе гэтага праекту спажыванне цяпла ў такім доме павінна скараціцца на 30-40%, адпаведна, і рахункі за паслугі ЖКГ. Для ўрэгулявання электрычнасці маюцца некалькі схемаў датчыкаў, якія дазваляюць эканоміць электраэнергію.

 

Аднак з практыкі ўсё будзе залежыць ад чалавека. Хтосьці любіць шмат святла, хтосьці наадварот – прыцішанае святло. Аўтаматычная сістэма разліку спажывання дазваляе яшчэ зэканоміць, а таксама скарачае час на аплочванне жыровак ЖКГ.

 

Кампанія будуе аб’екты ў розных краінах СНД. З найбольш удалых варта адзначыць спартыўны комплекс Нарыльск Арэна. У тым рэгіёне тэмпература ўзімку дасягае 55-60 градусаў, і гэта трэба ўлічваць пры ацяпленні будынкаў. Іншы – гарналыжны схіл у Падмаскоўі – пабудаваны па аналогіі з Арабскімі Эміратамі, дзе снег наадварот трэба захаваць.

 

– Алег, адкажыце, калі ласка, ці ёсць нейкія «гарадзенскія» адрозненні ў будаўніцтве?

– Будаваць у Гродна цікава! У Гродна цікавы рэльеф, і можна гарманічна ўпісаць невысокія 3-5-павярховыя дамы ўздоўж ракі. Кампанія мае шмат прапановаў, уключаючы новыя падыходы для дзіцячых садкоў і школ, якія могуць зацікавіць і гараджан, і ўлады.

 

Гарадскія ўлады пайшлі насустрач ідэі энергазберагальнага жылля, і «Ideab Project» атрымала ад гораду пэўныя ільготы пры будаўніцтве.

 

Якім абсталяваннем па працы на ўзнаўляльных крыніцах энергіі будуць забяспечаныя гарадзенскія новыя дамы пакуль сказаць цяжка. Ці сонечныя батарэі, ці цеплавыя насосы ці штосьці яшчэ, гэта пакажа досвед: калі інжынеры атрымаюць першую раздрукоўку спажывання энерганосьбітаў і зробяць высновы, пры якім механізме энергія будзе вяртацца ў сетку.

 

І на тэхналогіі ёсць мода

У Еўропе працэс пераходу на энергазберагальныя тэхналогіі праходзіць не так лёгка і хутка. З ростам коштаў на паслугі ЖКГ з’явіліся розныя тэхнічныя рашэнні. Але яны не заўсёды эфектыўныя. Бо прымяняюцца да будынкаў, якія ўзводзіліся колькі гадоў таму і ўжо не адказваюць сучасным стандартам энергазберагальнасці, што робіць іх пераабсталяванне дарагім і не заўсёды эфектыўным. Толькі пачынаецца працэдура энергетычнага аудыту, якая выяўляе памылкі.

 

Паводле еўрапейскіх дырэктываў, да коштаў на энерганосьбіты тых дамоў, якія не адпавядаюць патрабаванням аудыту, будзе дадавацца павышаючы каэфіцыент, распавядае Алег. Уладальнікі дамоў аўтаматычна стануць плаціць больш. Аднак ёсць выключэнне для пэўнай групы будынкаў, у якую ўваходзяць помнікі архітэктуры, музеі і г.д.

 

У Беларусі працэс праектавання і будаўніцтва дамоў па энергазберагальных тэхналогіях патроху наладжваецца і робіцца, так бы мовіць, модным. Добра засвоіўшы будаўніцтва па еўрапейскіх стандартах у дачыненні да мясцовых рэаліяў, можна пераходзіць да этапу напаўнення гэтых дамоў сродкамі аўтаматычнага кантролю, уключаючы дыстанцыйны, лічыць Алег.

 

Аднак у выкарыстанні рознымі блокамі кіравання і кантролю ёсць нюансы. Шмат якія карыстальнікі не гатовыя кіраваць сваім домам праз Інтэрнет. А па-другое, сэрвісныя службы, якія абслугоўваюць такі «разумны» дом, бяруць за гэта даволі значны працэнт. У выніку уладальнік кватэры ці дома эканоміць на спажыванні энергіі, але плаціць у выніку болей. Праўда, беларускім энергазберагальным дамам такія праблемы пакуль не пагражаюць, бо такія сістэмы кантролю звышдарагія нават для Еўропы.

 

Як спалучыць нямецкія рашэнні з гродзенскімі рэаліямі

Хаця аўтаматызаваная сістэма рэгуліроўкі ў кватэры і збор паказальнікаў лічыльнікаў эканоміць сродкі жыхароў і робіць празрыстым кантроль за паказальнікамі, да тагож зніжае выдаткі на абслугоўванне дома. Уладальнік кватэры атрымлівае рахункі па электроннай пошце і можа аплаціць праз Інтэрнет. Кампанія сцвярджае, што для гарадзенскіх эксперыментальных дамоў такая сістэма можа быць цалкам рэальнай, улічваючы, што гарвыканкам праявіў актыўны інтарэс і выказаўся дапамагчы ў запуску новай пробнай сістэмы.

 

– Нам варта зразумець, як спалучыць нямецкае рашэнне з тэхнічнымі службамі ў горадзе, бо «мозг» у нашага дома ёсць, яго проста трэба неяк падключыць, – мяркуе Алег Карэлін.

 

Кампанія актыўна цікавіцца меркаваннем гараджан адносна дызайну, адносна таго, як можа нестандартна выглядаць такі беларускі дом чыста звонку. І абяцае надаць «цюнінгу» не менш увагі, чым тэхнічнай аснашчанасці. Напрыклад, зараз ідзе праца над тэхнічным рашэннем беларускага варыянта Etno Hi-tech – прымянення для дэкаравання нацыянальных узораў, нанесеных лазерам. Калі атрымаецца тэхнічна ў рэальным бюджэце, для Беларусі гэта дакладна будзе авангардны стыль. Засталося толькі параіцца з краязнаўцамі. Наколькі будынкі ў такім вонкавым вырашэннем упішуцца ў гарадзенскае аблічча.

На фота (http://www.teplyi-dom.ru): дом нізкага энергаспажывання