«Менш НАТА – больш фестываляў!»
Сёлетні фестываль запрасіў амаль 40 суполак прадстаўнікоў розных культур. Упершыню ўдзельнічалі прадстаўнікі Кітая і Галандыі. Варта адзначыць, што галандскі падворак карыстаўся найбольшай папулярнасцю. Кожны мінак успамінаў пра пазітыўных людзей ў аранжавых футболках. Галандцы амаль адзіныя не замарочваліся на сваіх нацыянальных традыцыях, яны прыехалі да нас, каб проста пазабаўляцца і перадаць сваё вяселле гарадзенцам.
>
– Мы хочам прынесці вяселле, радасць у вашыя сэрцы. Вы можаце танчыць з намі, мы можам танчыць з вамі, і не нацыянальныя танцы, а ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНЫЯ танцы. Вы можаце танчыць пад нашу музыку, гэта галоўнае, што мы хочам вам паказаць, – кажа Шурц, удзельнік галандскага музычнага гурту.
Беларусь спадабалася галандцам, не гледзячы на тое, што ў нашай краіне не ўсё так свабодна, як у іх.
– Беларусь – вельмі прыгожая краіна. Нават не мог уявіць, што такая прыгожая!.. Прыгожыя людзі, вельмі прыязныя, добрая інфраструктура. Але вашая мяжа… Яна вельмі «руская», мы не можам свабодна карыстацца ёй, спадзяюся гэта зменіцца, – кажа Алекс, таксама ўдзельнік гурту.
Галандскае таварыства пакуль што не аформлена афіцыйна, але гэта будзе вырашацца у бліжэйшы час. Ідэя аб яго стварэнні прыйшла ў галаву дзвюм жанчынам, якія выйшлі замуж за галандцаў і жывуць на дзве краіны. А яшчэ высветлілася, што галандцы не любяць… цюльпанаў.
Кітайскі падворак прадстаўлялі студэнты. Доўга я шукала з кім бы паразмаўляць, бо мяне ад аднаго кітайца да другога моучкі «перакідвалі», ніхто не разумеў мовы. Відаць сапраўдныя прадстаўнікі сваёй культуры. Пасля доўгіх пошукаў я знайшла Юлю, навучэнку мінскай гімназіі. З ёй таксама было не без жарту, на мае пытанні яна перапытвала пра тое, на якой мове адказваць: на рускай ці на кітайскай. «Нашыя студэнты вельмі стараліся, каб падрыхтаваць нацыянальныя танцы і песні і адлюстраваць культуру Кітая ў класічным разуменні, а не ў сучасным», – кажа Юля.
Карэйцы амаль кожны фестываль падрыхтоўваюць адну і тую ж праграму. А вось нацыянальная кухня заўсёды папулярная, так што стоячы ў чарзе, можна было забіць д вух зайцаў адразу: паслухаць ігру на нацыянальных інструментах і пачаставацца нацыянальнымі стравамі.
Татары і башкіры вельмі сяброўская і актыўная дыяспара. Сутракаюцца яны не толькі адзін раз у два гады на фестывалі, а заўсёды падтрымліваюць стасункі з землякамі і адзначаюць нацыянальныя святы. Фестываль стаў пляцоўкай для сутрэч татар з ўсёй постсавецкай прасторы.
Азербайджанскі падворак аказаўся самым гасцінным. Мне адразу прапанавалі пакаштаваць нацыянальную страву – далму, якая гатуецца з бараніны з зелянінай і рысам, і ўсё гэта заварочваецца ў вінаградны ліст, падобна на галубец. «Мы збіраемся кожны месяц. Нашая дыяспара вельмі актыўная, цесна звязаная з горадам, заўсёды дапамагаем дому састарэлых, дзіцячаму дому», – кажа спадар Намік.
Усе касцюмы на армянскім падворку былі прывезеныя з іх радзімы, мабыць таму гэты падворак выглядаў найбольш каларытна. Вельмі ўразіў адказ прадстаўніцы падворку на пытанне, чаму менавіта Гродна абраны для правядзення фестывалю: – Я лічу, што ён вельмі пабодны да Арменіі, Грузіі, бо ён – вельмі прыгожы горад.
Украінскі падворак быў адным з самых папулярных і колькасных. Бар’еру ў камунікацыі паміж украінцамі і беларусамі няма, таму што мовы падобныя, у рэшце вырашалі ўвогуле размаўляць на… рускай.
– Праблемаў у нас няма, але, на жаль, няма ў нас духоўных украінскіх цэнтраў у Беларусі. Няма ўкраінскай царквы, напрыклад, – кажа старшыня таварыства ўкраінцаў Беларусі спадар Віктар Гутоўскі.
Кожны гарадзенец адзначыў, што сёлетні фестываль быў зарганізаваны лепш, чым у мінулыя гады. Але ўжо на трэці дзень дух шматнацыянальнага гораду страчваецца і Гродна ператвараецца ў месца звыклых масавых гулянняў: людзі з балонікамі і сцяжкамі, паўсюль фірмовы гарадзенскі шашлык і традыцыйны канцэрт на Савецкай.
Здымкі: Юры Іванюк