Спартыўны суд у Лазане вярнуў гродзенцу Івану Ціхану алімпійскі медаль

|

Паводле ўчарашняга рашэння Спартыўнага арбітражнага суда, дзе Ціхан і Дзевятоўскі аспрэчвалі рашэнне дысцыплінарнай камісіі МАК, срэбра, заваяванае Вадзімам Дзевятоўскім і бронзавы медаль Івана Ціхана застаюцца за імі.

Рашэнне арбітражнага суда заняло 77 старонак і апублікавана на афіцыйным сайце ўстановы.

Акрамя ўзнагарод, Ціхану і Дзевятоўскаму павінны вярнуць страты ў памеры 50 тысяч эўра.

Вадзім Дзевятоўскі:

“Зараз галоўнае жаданне – забыцца на ўсё. Наша з Іванам перамога – гэта вынік штодзённай карпатлівай працы, якая працягвалася амаль 2 гады.

Дзеля таго, каб адстаяць сваю правату, мы аддавалі ўвесь час.

Разам з тым не спынялі трэніроўкі, таму што верылі, што аргументы, прадстаўленыя суду, праўдзівыя…

Хочацца падзякаваць усім, хто верыў у мяне і Івана. Мы адчувалі насамрэч народную падтрымку”.

Рашэнне ануляваць вынікі беларускіх метальнікаў молата на Алімпіядзе-2008 у сувязі са станоўчымі допінг-пробамі было прынята 11 снежня 2008 года.

Паводле экспертаў, у спартсменаў быў падвышаны ўзровень тэстастэрона.

Дзевятоўскі і Ціхан аспрэчвалі рашэнне ў Спартыўным арбітражным судзе.

Беларускі бок заяўляў пра адхіленні ад стандартаў Сусветнага антыдопінгавага агенцтва ў працы пекінскай лабараторыі.

Гэтыя парушэнні маглі паўплываць на вынікі аналізаў.

Судовыя слуханні шматкротна пераносіліся, і нарэшце скончыліся перамогай нашых спартсменаў.

Паводле http://belta.by/

На фота: Вадзім Дзевятоўскі і Іван Ціхан з алімпійскімі медалямі

Фота з сайта http://naviny.by