Анжаліка Борыс ідзе ў адстаўку

|

Пра сваё рашэнне пайсці ў адстаўку Анжаліка Борыс паведаміла сваім паплечнікам у суботу.

Як паведмляе “Rzeczpospolita“, свае бліжэйшыя планы сп-ня Борыс звязвае з навучаннем у Польшчы, дзе яна хацела б абараніць доктарскую працу.

Як паведамляе выданне, большасць дзеячоў непрызнанага Саюзу палякаў звязвае рашэнне Анжалікі Борыс з аграмадным ціскам з боку беларускіх уладаў.

Толькі на працягу гэтага года яе шмат разоў затрымлівалі ў сувязі з сітуацыяй вакол Польскага дома ў Івянцы, абкладалі штрафамі фірму “Палоніка”, якой кіравала Борыс, канфіскоўвалі ўласную хатнюю маёмасць.

У час размоваў з сваімі паплечнікамі Анжаліка Борыс не хавала, што безперапынны ціск і рэпрэсіі з боку ўладаў адгулялі істотную ролю ў прыняцці ёй рашэння пра адстаўку.

Разам з тым, сп-ня Борыс катэгарычна адхіліла меркаванне, што адыйшла пад ціскам асобных польскіх палітыкаў і польскага міністэрства замежных справаў, нібыта зацікаўленых у яе адстаўцы дзеля паляпшэння стасункаў з Мінскам.

Падобную версію, аднак, не выключаюць некаторыя польскія ўплывовыя палітыкі.

Адзін з іх ананімна заявіў выданню, што адстаўка Борыс – гэта рэалізацыя даўно выпрацаванага ў польскім МЗС сцэнару.

 

Анжаліка Борыс нарадзілася ў 1973 г. ў Гарадзенскім раёне.

Вышэйшую адукацыю атрымала ў Беластоку (педагогіка і псіхалогія). Працавала ў Гродне настаўніцай польскай мовы.

У 1995-м г. уступіла ў Саюз палякаў, дзе пазней стала кіраўніцай аддзелу асветы.

У 2005-м г. была абрана кіраўніцай СПБ.

Міністэрства юстыцыі Беларусі, аднак, прызнала з’езд, на якім гэта адбылося, нелегітымным.

У хуткім часе беларускія ўлады арганізавалі новы з’езд, на якім кіраўніком арганізацыі быў абраны пенсіянер Лучнік.

Ад гэтага моманту ў Беларусі дзейнічаць два Саюзы палякаў.

У сакавіку 2009 г. Анжаліка Борыс была абрана кіраўніцай непрызнаваемага беларускімі ўладамі СПБ на новы чатырохгадовы тэрмін.