Замест кватэр “Кансент” пабудаваў піраміду

|

Акрамя гродзенцаў, якія ўклалі грошы ў будаўніцтва жылля, пацярпелі дзесяткі працоўных, што не атрымалі заробкі, службы, якім не аплацілі паслугі.

Як высветліла КРУ, многія дамовы на будаўніцтва кватэр неаднаразова перарабляліся.

Кошты квадратнага метра жылля істотна адрозніваліся ў розных дамовах: у большасці яны вагаліся ад 500 да 1100 умоўных адзінак, аднак 7 кватэр былі прададзены значна танней.

У адной з іх квадратны метр каштаваў усяго 349 000 рублёў.

Уласных сродкаў “Кансент” не меў, таму карыстаўся сродкамі грамадзян.

Куды падзеліся першапачатковыя ўнёскі дакладна невядома, аднак знаходзіліся новыя кліенты, і будаўніцтва часткова вялося.

Паводле старшыні гаспадарчага суда Гродзенскай вобласці Валерыя Касцюкевіча, ёсць падставы меркаваць, што гэта была піраміда.

Рахункі “Кансента” арыштоўваліся тройчы: пракуратурай, гаспадарчым судом і судом Ленінскага раёна.

Толькі ў гаспадарчым судзе знаходзіцца 40 заяваў ад тых, каму фірма вінаватая грошы, больш за мільярд складае запазычанасць па заробках.

На адміністратыўны будынак “Кансента” коштам 1,5 мільярды рублёў наклалі арышт, аднак высветлілася, што ён ужо ў закладзе ў аднаго з банкаў.

Арыштавалі бізнес жонкі Андрэя Лушча, аднак і гэта кропля ў моры.

А куды дырэктар фірмы насамрэч падзеў грошы так і застаецца невядомым.

ТАА “Кансент” ніякай гаспадарчай дзейнасці зараз не вядзе, таму прадпрыемства хутчэй за ўсё будзе ліквідавана.

Улады мяркуюць, што людзі, якія ўклалі грошы ў незавершанае будаўніцтва, мусяць стварыць таварыства ўласнікаў і працягваць будоўлю за ўласны кошт, бо ўкладзеныя імі раней сродкі зніклі.

Людзі з такім вырашэннем праблемы не згодныя: калі дазвалялі “Кансенту” працаваць з парушэннямі і доўгі час не рэагавалі на скаргі людзей, мусіце і адказваць.

На думку пацярпелых, будоўлю горад мусіць узяць на ўласны баланс і перадаць  будаўнічай арганізацыі, якая будзе дабудоўваць жыллё, і, калі неабходна, рабіць пераразлік.

Некаторыя лічаць, што выправіць сітуацыю і скончыць будоўлю зможа толькі сам Андрэй Лушч, калі яго вызваляць з-пад варты.

Рашэнне так і не знойдзенае.

Праверка КРУ скончыцца ў ліпені, тады ж ахвяры “Кансента” зноў паспрабуюць знайсці выйсце, хаця ўжо зараз відавочна, што задаволіць інтарэсы ўсіх наўрадці будзе магчыма.

Паводле http://www.vgr.by

На фота: Так мусіў выглядаць жылы комплекс “Ліра”, які будаваў “Кансент” у Гародні.

Фота з сайта http://s13.ru