Для гарадзенцаў вайна пачалася ў 39-м

|

Арыштаваных расстрэльвалі на Сабачай гары. На плошчы перад Фарай ляжала сцяна трупаў. Украінскі сайт http://censor.net.ua надрукаваў матэрыялы пра падзеі восені 1939-га года на Гарадзеншчыне.

Матэрыял абапіраецца на ўспаміны польскіх вайскоўцаў і дзяржаўных служачых, якія ацалелі пасля прыходу ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 г. савецкіх войскаў, а таксама на архіўныя матэрыялы тых часоў.

Сярод шматлікіх прыкладаў савецкага тэрору ўзгадваюцца расстрэлы без суда і следства палонных салдат і афіцэраў у Гродне. Згадаем толькі адну з прыведзеных гісторый: «22 верасня ў час баёў за Гродна камандзір узвода сувязі малодшы лейтэнант Дубовік атрымаў загад канваяваць 80-90 палонных у тыл. Адвёўшы тых на паўтары-два кіламетры ад горада, Дубовік учыніў допыт палонных, каб выявіць сярод іх афіцэраў і асобаў, якія бралі ўдзел у забойстве бальшавікоў. Абяцаючы адпусціць на волю, Дубовік дамагаўся прызнанняў і расстраляў 29 чалавек». Без суда і следства быў расстраляны таксама польскі генерал Юзэф Альшына-Вільчынскі і капітан Мечыслаў Стшэмескі. Спробы польскага Інстытуту нацыянальнай памяці далучыць да расследавання гэтых фактаў расейскую Ваенную пракуратуру аказаліся безвыніковымі – яшчэ ў 2003 г. з Расіі прыйшоў адказ, што гаворку ў гэтым выпадку нельга весці пра ваеннае злачынства і таму справу трэба зачыніць з-за тэрміну яе даўнасці.

Прыведзеныя вышэй звесткі яшчэ раз падкрэсліваюць увесь жах Другой сусветнай для гарадзенцаў тых часоў. Вайна для нашых землякоў распачалася значна раней, чым у чэрвені 1941-га і вельмі шкада, што падзеі 1939-1941 гг. дагэтуль старанна замоўчваюцца ў беларускіх падручніках па гісторыі, што на гэты конт у Гродне не праводзяцца навуковыя канферэнцыі…Спробы «замаўчаць» невыгодныя старонкі гісторыі ўласнага народа не прыводзяць да дабра. Толькі праўда дае шанс зразумець і прабачыць.

Ці атрымаюць гарадзенцы «спрошчаны рэжым»?

«Польскае пытанне» можа ўскладніць беларуска-польскія перамовы пра спрошчаны рэжым перасячэння мяжы.

>

Адпаведную дзяржаўную дамову плануецца падпісаць ужо сёлета. Польскія крыніцы падаюць, што застаецца ўладзіць толькі «дробязі» кшталту медычнай дапамогі ў надзвычайных выпадках і г.д.

Спрошчаным рэжымам змогуць карыстацца жыхары, якія жывуць у 30 км. Па абодва бакі мяжы. Усе яны змогуць атрымаць спецыяльныя дакуманты з фотаздымкам. Іх кошт мае складаць 20 еўра. Тэрмін дзейнасці – 2 гады.

Польскі бок ўскладае спадзевы, што спрашчэнне памежнага рэжыму дазволіць ажывіць гаспадарчае жыццё на беларуска-польскім памежжы, што асабліва важна ў часы цяперашняга гаспадарчага крызісу.

У той жа час польскія палітыкі ўсё часцей выказваюць занепакоенасць апошнімі падзеямі вакол плануемага на 15 сакавіка з’езда Саюзу палякаў. Ціск з боку ўладаў і спецслужбаў на актывістаў непрызнанай беларускімі ўладамі (але адзіна легальнай для Варшавы) арганізацыі, пазбаўленне акрэдытацыі карэспандэнта «Газеты Выборчай» Анджэя Пачобута – усе гэтыя «сігналы» могуць істотна замарудзіць падрыхтоўку дамовы пра спрашчэнне памежнага руху.

В. Дрэма