Сардэчна ў музыцы. Сардэчна ў руху

У цёплы суботні вечар адбылося клубнае мерапрыемства пад назвай «Dub.Raw». Гэта чарговая вечарынка серыі Beautiful Vision, арганізатары якой ужо паспелі абаяць гарадзенскую публіку сваім неардынарным падыходам да стварэння ўтульнасці: глыбокая музыка, разнастайнасць месцаў правядзення мерапрыемстваў, цікавыя «прывазныя» госці, якасны гук, сур’ёзны фэйс-кантроль – менавіта на гэтым факусіруюць увагу стваральнікі Beautiful Vision.

 

Сказаць, што людзі вельмі чакалі гэтага мерапрыемства – нічога не сказаць. Апошняя вечарынка Beautiful Vision была яшчэ ў студзені месяцы, і яна прынесла грандыёзны поспех калектыву. Уражанне, якое засталося ў наведвальнікаў пасля той ночы было настолькі моцным, што многія назвалі яе вечарынкай году.

 

За месяцы маўчання калектыву, народ паспеў згаладнець па «смачнай» музыцы і любімым дыджэям. Яшчэ да яе пачатку «клубны горад бурлеў у ажыятажы. Вечарынку абмяркоўвалі. Вечарынку чакалі. Які ж быў вынік?

 

Калі б вы падыйшлі да кафэ «Ралан» да дзесяці гадзінаў вечара, вы б засталі натоўп моладзі: кааліцыі цалкам розных фарматаў дзяўчын і хлопцаў размаўляюць паміж сабой, смяюцца; у начным паветры застыў цыгарэтны дым і чаканне. Аднак, калі б вы памянялі ракурс свайго назірання, то заўважылі б у іншым баку малапрыемную дэталь: машыну, з якой выгружаюць гукавую і музычную апаратуру, а гэта азначае: спазнення не абмінуць. «Мінус» у скарбонку арганізатараў.

 

Праходзіць дваццаць хвілін і начное паветра пачынаюць пранізваць рытмы хаўса, адкрываюцца парадныя дзверы, чалавек, які стаіць на фэйс-кантролі ўжо гатовы праводзіць «sorting» публікі. З плынню людзей вы плывеце на гукі музыкі, і трапляеце ў прасторную залу, дзе адразу тонеце ў прыемным бляклым асвятленні, якое стварае атмасферу свабоды і спрыяе збліжэнню з музыкай.

Кожны наведвальнік мог пранікнуцца светам гукаў шчыльнага еўрапейскага Хаўса – дыджэй Igaa задаў тэмп вечарынцы. Змрочныя нямецкія бульканні змяняліся бадзёрымі трэкамі, што выклікала неадназначныя адчуванні, бо ўсе яшчэ толькі падцягваліся да танцполу. Сваю ролю таксама згуляла спешка пры падключэнні абсталявання: пачынаючы прыкладна з пятнаццатай хвіліны сэта, гук неаднаразова перарываўся, забіваючы ўсю музычную карцінку.

 

Аднак, хутка за пультам з`явіліся хлопцы з Chokko, і неадкладна прыступілі да стварэння свайго музычнага апавядання: крыху глыбокіх замалёвак далі новае дыханне танцполу, а disco-напевы не пакінулі шансаў суму. Танцпол быў поўны, людзі напявалі знаёмыя матывы, падымалі далоні ўверх, пляскалі ва ўнісон з музыкай і ўсміхаліся дыджэям, выказваючы падзяку за выдатнае баўленне часу. Варта было камусьці ў натоўпе крыкнуць «гэта ж той самы трэк!», як астатнія адразу запальваліся, падобна феерверку.

 

Але забіраць у людзей апошнія сілы, калі наперадзе чакае выступленне госця – справа непрыгожая. Сэт Chokko скончыўся класікай ад Mr. Scruff і Joss Moog, а за пультам з`явіўся той, каго вельмі чакалі – Gaamer. Паставіўшы кружэлку, Мікіта адразу даў зразумець, што да чаго. Стыльны, цяжкадаступны хаўс спужаў неспрактыкаваных слухачоў, пакінуўшы толькі людзей з добрым густам. Танцпол быў хутчэй напалову поўны, чым напалову пусты.

 

Усміхаючыся фатографам і закрываючы вочы, меламаны атрымлівалі сапраўднае задавальненне ад найвышэйшай падачы музычнага матэрыялу. Граючы канцэптуальна, цікава і пазнавальна, мінчанін не адпускаў адпачываць захопленую публіку, але так як вечарына ўжо набліжалася да завяршэння, паступова набіраў папулярнасць… Усё, што трэба было зрабіць Салату (рэзідэнту Beautiful Vision, які стаў завяршальным кампанентам вечарынкі) – гэта аформіць прыгожую концоўку ўсяго свята.

 

Пад матывы апошніх трэкаў мне ўдалося зрабіць маленькае апытанне публікі, вынікі якога паказалі: Beautiful Vision зноў на вышыні.

 

«Мае эмоцыі вельмі цяжка апісаць і выказаць. У хлопцаў заўсёды атрымліваецца здзівіць нас, без іх вечарынак не можаш. Я яшчэ ніколі не шкадаваў аб сваім прыходзе. Ад душы ўдзячны арганізатарам. Няхай працягваюць нас радаваць».

 

«Beautiful Vision – гэта мая сям`я. Хлопцы ўносяць каласальны ўклад у музычную культуру гораду, бо яшчэ некалькі гадоў таму ніхто не разбіраўся ў накірунках, клубную музыку называлі альбо «каўбасой», альбо «кіслатой». Хлопцы прасвятляюць, паказваюць добры свет, з дапамогай музыкі і вечарынак. Гэтая ноч прынесла мне казачныя эмоцыі, я адчуваў сябе вельмі ўтульна. Ад бясконцых усмешак і захопленых крыкаў беглі мурашкі па скуры. Гэта было цудоўна!».