Гламур па-гарадзенску

|

Калі аўтары мелі на ўвазе, што іх часопіс выдаецца «на глянцавай паперы», то яны памыляюцца. Такіх глянцавых вырабаў было ў горадзе нямала – зборнік «Тавары і кошты», вельмі прыкладная брашура «Мікрараён», «Усё аб вяселлі» і г.д.

 

Калі аўтары мелі на ўвазе «глянец», як канцэпцыю, то… Спяшаюся данесці «энцыклапедычнае» паданне аб глянцу: глянцавы часопіс – адлюстраванне і прапагандаванне гламурнага жыцця, гэта набор артыкулаў, якія вучаць нас «жыць хораша»: што варта чытаць і глядзець, як стыльна апранацца і ад каго пераймаць. У сілу стэрэатыпў дадзеная катэгорыя часопісаў не надта паважаная, бо ў большай ступені «эталоны» для пераймання ў іх – прадстаўнікі шоў-бізнэсу, але ніяк не фізікі-ядзершчыкі з іх вынаходствамі і аскетычным побытам…

 

Зрэшты і сярод «Глянцу» ёсць выключэнні. Напрыклад, Playboy, з яго інтэлектуальнай эротыкай, даволі тонкім гумарам. Або Cosmopolitan. Нават самыя фемінізаваныя кабеткі не супраць прагартаць часопісік у вольны час (дарэчы, наклад апошняга больш за 1 млн. асобнікаў). Акрамя таго, глянцавыя часопісы каштоўныя і разлічаныя на забяспечаных людзей, паколькі ў іх утрымліваецца рэклама не столькі «вокнаў з ПВХ», колькі сусветных брэндаў. А іх, «брэнды», здольныя купляць тыя, чый прыбытак у месяц перавышае студэнцкую стыпендыю.

 

І чаго гэта мяне ў студэнцтва занесла, спытаеце вы, бо часопіс-та «глянцавы», хоць і гарадзенскі. А часопіс, цытую, «задумваўся, як моладзевы». Карацей, у гародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька. Так я і не зразумела, які ж ён, Polis – моладзевы, гламурны або сродак масавай інфармацыі (аб гэтым сведчыць пасведчанне за № 1360)?

 

Уступнае слова шэф-рэдактара на 2-й стар. наводзіць на смутныя думкі аб цяжкай, можна сказаць страшнай долі нованароджанага паліграфічнага прадукта: «Нават мне пакуль складана ў гэта паверыць. Паверыць у тое, што доўгія гады выношвання гэтай ідэі не прайшлі дарма. Колькі для гэтага спатрэбілася фізічных, маральных і матэрыяльных выдаткаў – гэта асобная гісторыя…». Як раз гэта вельмі цікавая гісторыя. А колькі запатрабавалася матэрыяльных выдаткаў для таго, каб на 28-мі старонках (тыраж 6000) мелаванай паперы перадрукаваць інфармацыю дзесятка сайтаў?

 

Справядлівасці дзеля трэба сказаць, што прысутнічаюць у часопісе і аўтарскія матэрыялы: інтэрв’ю з гарадзенскім рэп-гуртом, пластычным хірургам, артыкул пра сэкс-шоп (праўда, 50% – зноў-ткі Інтэрнэт-прадукт) і выдатная нататка пра гарадзенскія прыпынкі грамадскага транспарту. Я без іроніі, нататка сапраўды выдатная, таму што нашыя прыпынкі праектаваў іншапланецянін, які нічога не ведае пра кліматычныя ўмовы сярэдняй паласы. Шкада толькі, што прозвішча аўтара нататкі ў часопісе надрукаваць забыліся…

 

Дарэчы, аб аўтарах. Працягваю цытаваць шэф-рэдактара: «Для таго, каб падрыхтаваць добры матэрыял, не абавязкова быць прафесійным журналістам. Досыць выказаць на паперы або фатаграфіі тое, што больш за ўсё хвалюе». Эк, хапіў! Такі падыход звычайна ўжываюць псіхатэрапеўты: выказаў пацыент на паперы тое, што яго хвалюе, і – гатовы план лячэння. Я заўсёды была ўпэўненая, што толькі прафесіяналы ў стане рабіць канкурэнтаздольныя прадукты, у тым ліку і глянцавыя часопісы.

 

Далейшае, вывучэнне публікацый пацвердзіла заяву шэф-рэдактара – прафесіяналізмам тут і не павее. А што з кантэнтам? Усё выдатна! У Сінгапуры адкрылася самае дарагое казіно, у Мінску АМАП разагнаў гей-парад, готы з’елі эма, ладан вылечыць рак, у ЗША праводзіцца конкурс дурных інструкцый, як з’ехаць вучыцца за мяжу. І, што немалаважна, а галоўнае, актуальна для моладзевай аўдыторыі – 5 прыкмет набліжэння смерці. А самая антырэдактарская заява шэф-рэдактара і зусім выглядае сумна: «Мы з нецярпеннем будзем чакаць ад вас навін», – звяртаецца ён да чытачоў. Не дачакаецеся, малады чалавек. Чытачы для таго і існуюць, каб чытаць навіны, а часопісы, газеты ды іншыя СМІ – каб гэтыя навіны пісаць.

 

Увогуле, няма ў гэтага выдання канцэпцыі, таму няма і самога выдання. Атрымаўся нейкі паў-дайджэст коштам у 5580 бел. руб.

 

Каб не склалася ўражанне, быццам аўтар гэтых радкоў – мізантроп, скажу напрыканцы: лепш, калі нешта з’яўляецца, чым калі знішчаецца. Тое, што Polis з’явіўся, гэта зусім нядрэнна. Хоць бы таму, што з’явілася і поле для абмеркавання. Як далей будзе расці і будавацца гэты «Моладзевы горад» вырашаць яго стваральнікам. Адно магу сказаць сапраўды – чытача не падманеш… П.З. Заснавальнік часопіса ТАА «Моладзевы горад». Суседзі па офісе кажуць, што арганізацыя гэтая таямнічая, дзверы часта зачыненая, збіраюцца тут бліжэй да ночы і… стукаюць. У сэнсе па чымсьці стукаюць, не на кагосьці…

Фота http://www.modern-photo.ru