«Мы імкнемся паказаць рэчаіснасць…»

| Без катэгорыі

І, вядома, паказваць жыццё на экране, разглядаць нейкія праблемы праз прызму сапраўдных людзей і зносін, вельмі цікава. Але калі кампанія BMW можа карыстацца вялікімі сродкамі, каб разрэкламаваць новы аўтамабіль з дапамогай караткаметражных фільмаў, то здымаць іх самастойна на сацыяльныя праблемы не так і проста.

 

Зусім нядаўна я выпадкова ўбачыла ў Інтэрнеце аб’яву аб тым, што для здымкі ў караткаметражцы патрэбна моладзь. Здымацца самой у мяне не было часу і жадання, а вось даведацца, што будзе здымацца і дзеля чаго, інтарэс падштурхнуў. Я патэлефанавала хлопцу, які займаецца гэтымі справамі і дамовілася аб сустрэчы.

 

Хлопца завуць Яўген, і ў яго здымачнай камандзе працуе яшчэ двое – аператар і мантажор.

 

– Яўген, як узнікла ідэя здымаць караткаметражкі, калі вы пачалі гэтым займацца і чаму?

– Ідэя ўзнікла гадоў 5 таму, і гэта быў – чысты энтузіязм. Мы пачыналі яшчэ з першымі лічбавымі фотаапаратамі, здымалі па 12 секунд і беглі адразу мантыраваць часткі. Спачатку мы вырашылі спалучыць сваё відэа з чужой музыкай. Атрымалася, вядома, жудасна, калі глядзець зараз. Але гэта былі першыя крокі, нам спадабалася, і мы імкнуліся працаваць далей.

 

align=”left” >– А як ўсё праходзіць зараз?

– Мы сталі больш уважліва ставіцца да сцэнарыяў, пасля таго, як тры гады назад паспрабавалі зняць першы караткаметражны фільм. Зараз мы доўга распрацоўваем сцэнарый, друкуем яго, шукаем людзей і сродкі, з якімі будзем працаваць. Апошняя работа была знята мінулым летам. Гэта быў сацыяльны праект пра суіцыд. І гэты прает ўдзельнічаў у фестывалі «Кінагрань 2008-2009», але на фэст мы ехалі як госці, таму што не з’яўляліся студэнтамі мінскіх навучальных устаноў.

 

– Вы працуеце нейкай групай, у якой ўсе ведаюць свае абавязкі, альбо ўсё атрымліваецца спантанна?

– Так, працуем мы на працягу 5 гадоў адной суполкай з трох чалавек. Але сцэнар мы распрацоўваем разам, а ўжо пасля – абавязкі разыходзяцца. Адзін адказвае за гук, другі за здымку, трэці за мантаж. Але ўсё роўна гэта – хобі. Мы робім кліпы сваім сябрам, здымаем ролікі пра жыццё нашага гораду, думаем над сацыяльнымі праектамі.

 

– Яўген, няўжо няма жадання выйсці на які-небудзь больш высокі ўзровень?

– Жаданне, безумоўна, ёсць. Але для гэтага няма ні сродкаў, ні апаратуры. Вось ужо гэтым летам мы плануем рабіць нешта больш значнае, больш прафесійнае. Нас запрашалі здымаць вяселле, але мы адмовіліся, прынцыпова.

 

– Зараз вы шукаецце моладзь для здымак у караткаметражным фільме. Пра што ён будзе?

– Гэта будзе караткаметражны фільм пра наркотыкі. Ёсць вялікае жаданне паказаць людзям сапраўдную сутнасць наркаманіі, паказаць некалькі гісторый розных людзей, якія трапілі ў гэтае становішча. У нашага народу даволе стэрэатыпнае паняцце аб наркаманіі… Трэба паказаць усё, ад таго, як з’яўляюцца наркотыкі ў краіне, як іх распаўсюджваюць і да таго, хто іх купляе.

 

Я спадзяюся, што ў хлопцаў ўсё атрымаецца, і хутка мы ўбачым іх фільм у Інтэрнеце, а можа – і на экранах тэлевізараў.