Чаму нацыянальных меншасцяў няма ў публічным жыцці?

Не гледзячы на ўсё ідэалагічнае шалупінне Фестывал. нацыянальных культур, гарадзенцы любяць гэтае свята. Найбольш папулярная частка буйнога 3-дзённага мерапрыемства – нацыянальныя падворкі. Менавіта там людзі шукаюць тое жыццё, якое не сустрэнеш штодзень. Праз кожныя 200 метраў – іншае маўленне, музыка і смакі. На невялікіх пляцоўках прадстаўнікі нацыянальнасцяў прэзентуюць свае традыцыйныя кухні, песні і танцы. Праўда, колькасць сапраўдных яўрэяў і малдаван, грэкаў і ўкраінцаў не перавышае адсоткаў шасцідзесяці – астатнюю справу робяць ансамблі раённых і гарадскіх дамоў культуры. І разам з тым гэта ледзь не адзіная магчымасць адчуць прысутнасць кагосьці непадобнага да сябе самога.

 

Раскручваючы Фестываль нацыянальных культур, арганізатары – улады мясцовага і рэспубліканскага ўзроўняў – хочуць умацаваць імідж мірнай шматнацыянальнай Беларусі.

 

– Мы ўжо не кажам, што ў нас у рэспубліцы ёсць нацыянальныя меншасці. Мы кажам: «людзі, якія ўваходзяць у склад нацыянальна-культурных аб’яднанняў», – вызначыў ролю этнічных супольнасцяў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка.

 

5 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Гродна чыноўнік пашырыў змест мэсыджа дзяржаўнай ідэалогіі пра маналітнае грамадства:

 

– Мы нават нідзе не кажам «тытульная нацыя», маючы на ўвазе карэннае насельніцтва Беларусі. Сёння можна канстатаваць, што ёсць наша беларуская дзяржава для ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь з іх адметнымі рысамі.

 

Намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі падкрэсліў, што «фестываль – важная грамадска-палітычная падзея, якая адлюстроўвае мір і згоду ў нацыянальных адносінах Беларусі». У стасунках паміж нацыянальнасцямі ў нас, можа, і «мір і згода», а вось што да грамадскіх аб’яднанняў – то тут даўно не ўсё ў парадку.

 

Аўтарытарная ўлада абсалютна не зацікаўленая ў функцыянаванні разнастайных ды, не дай Божа, непадкантрольных арганізацый «знізу». Што і даказваюць рэгулярныя зачысткі трэцяга сектара. Зручней кіраваць краінай, дзе ўсе – аднолькавыя. І дакладна не ўзнікне цяжкасцяў там, дзе няма ні тытульнай нацыі, ні нацыянальных меншасцяў.

 

Калі апошні раз, не лічачы названага Фестывалю, этнічныя супольнасці станавіліся героямі газетных палос і навінаў тэлебачання? Першае (і апошняе), што прыходзіць у галаву – сябры Саюзаў палякаў. З якой нагоды? Чарговы віток 5-гадовага канфлікту.

 

Праблема арганізацыі Анжалікі Борыс не ёсць праблема толькі сяброў СПБ (хочацца верыць, што метадычна рэпрэсуюць іх не з-за таго, што яны палякі). Ад 2005 году гэтыя людзі адстойваюць сваё права на незалежнае ад улады грамадскае аб’яднанне. Цяжка казаць пра праяўленне шырокай салідарнасці з боку гарадзенцаў. Хоць пра існаванне канфлікту людзі ведаюць і многія «апальным» землякам спачуваюць.

 

– У нас не склалася традыцыя актыўнага ўдзелу людзей ў жыцці грамадства, – лічыць старшыня праўлення ГА «Цэнтр «Трэці Сектар» Вітаўт Руднік. – За кароткі спрыяльны для гэтага час – з 1991 па 1994 гады – беларусы не паспелі гэтаму навучыцца. Але дадзены фактар другасны ў параўнанні з тымі ўмовамі, якія для функцыянавання НДА стварыла дзяржава. Такое стаўленне проста адбівае які-кольвек інтарэс з боку людзей да публічнасці і тых нешматлікіх грамадскіх арганізацый, якім сёння ўсё ж удаецца выжываць.

 

Пры такім раскладзе не выпадае чакаць актыўнасці ад нацыянальных меншасцяў. Хіба, толькі можна разлічваць на шашлыкі на нацыянальных падворках –у гэтым годзе было відаць, што каўказкая страва трывала ўвайшла ва ўсе нацыянальныя кухні Беларусі.

Фота Юры Іванюка