Горад каралёў
Кракаў сустрэў нас цудоўным сонечным надвор’ем. Стары горад пачынаецца амаль з чыгуначнага вакзала. Некаторыя вулачкі і іх архітэктурны ансамбаль падобныя да гарадзенскіх. Я, напрыклад, знайшла скрыжаванне вуліц падобнае да скрыжавання вуліц Кірава і Сацыялістычнай у Гродна.
Побач з Ратушай
align=”left” >Перад выхадам на рынкавую плошчу мы з маім сябрам сустрэлі прамоўтэра, які звярнуўся да нас з пытаннем: «Які польскі горад, акрамя Кракава, самы старажытны?» На што мой сябар адказаў: «Гданьск». Аказалася – не. Я падумала і адказала: «Уроцлаў?!». Трапіла! Хаця можа інтуітыўна ведала, бо старажытнасць горада вызначаецца па старажытнасці яго ратушы, а Уроцлаў, як і Кракаў, мае самую старажытную ратушу з усіх польскіх гарадоў.
Было б недаравальна абмінуць кракаўскую ратушу ў стылі рэнесанса і не зайсці ўнутр. Зараз тут знаходзіцца рынак. Калі падняць галаву ўверх, то можна ўбачыць гербы ўсіх гарадоў Польшчы.
Пасля мы накіраваліся ў старажытны будынак знакамітага Ягелонскага ўніверсітэту, які зараз дзейнічае як музей. Найбольш запомніўся ўнутраны дворык з калодзежам па сярэдзіне. Радуе, што дворык не пакрыты шкляным калпаком, як некаторыя сучасныя ўніверсітэты, што надае яму большую атмасферу старажытнасці. Але надакучлівыя французскія і японскія турысты, якія сноўдалі навокал, перашкаджалі цешыцца гэтай атмасферай і зрабіць здымак каля калодзежа і алычы, якая на пачатку красавіка ўжо выпусціла свае прыгожыя кветачкі.
Людзі і каралі
Пасля накіраваліся ў сквер, якіх у Кракаве даволі многа. Тут можна спакойна пасядзець і адпачыць, сузіраючы людзей, якія сядзяць або ходзяць побач. Каля нас, напрыклад, прайшла жанчына, апранутая ў доўгую сукню і з шырокім прыгожым шалікам на плячах. Чымсьці нагадала старадаўнюю польку. А яшчэ прайшлі два хлопцы, апранутыя ў зялёныя гарнітуры з супрацьгазамі на галаве. Шкада, што ўсе гэтыя дзівацтвы не ўдалося зняць на камеру, бо акурат у гэты час вырашылі перакусіць і зусім пра камеру забыліся. На лавачцы, што была насупраць, сядзелі дзядок і бабуля, якія міла пра нешта размаўлялі і ў сваёй размове былі падобныя да галубоў, якія бегалі побач і карміліся з рук пажылой парачкі.
Не абыйшлі і знакаміты Вавель, дзе пахаваныя вядомыя не толькі гарадзенцам і беларусам, але і ўсяму свету каралі Ягайла і Стэфан Баторый, а таксама паэт Адам Міцкевіч.
Склеп Баторыя так і не давялося пабачыць, а вось склеп Адама Міцкевіча і Ягайлы ўдалося, бо знаходзяцца яны адразу ў цэнтры вавельскай архікатэдры і іх не трэба далёка ісці шукаць. А шукаць не хацелася, бо крыху ўжо стаміліся. У склепе Адама Міцкевіча пакінулі знак у кнізе запісаў, якая разлічана, бадай, толькі на адзін месяц. І нават за месяц яе паспяваюць спісаць наскучлівыя турысты.
Кракаўскія «жывёлы»
Калі спусціцца з вавельскай гары да Віслы, можна заўважыць жалезнага цмока, які з’яўляецца сімвалам горада. Перыядычна ён дыхае агнём. Мне стала цікава, з якой перыядычнасцю. Мой сябар жартаўліва сказаў: «Гэта залежыць ад таго, як Расія падае газ». Знаёмая параіла абавязкова набыць сімвала Кракава – цацачнага цмока, але менавіта плюшавага, а не сувенірнага. Маўляў, плюшавы больш дзяўчынам пасуе. Давялося купіць. Побач з Вавелем, у парку, знаходзіцца помнік сабаку Джоку, як сімвалу вернасці, які чакаў свайго гаспадара, што памёр. Прабягаючыя вакол сабакі, якіх не менш, чым у Варшаве, аддаюць яму гонар. Абурае тое, што гаспадары не глядзяць за сваімі сабакамі, якія пакідаюць «сляды» на тратуарах і нават на лаўках.
Далонь майстра
Жыхары Уроцлава кажуць, што той, хто не быў ва уроцлаўскай ратушнай піўніцы, той не быў у іх горадзе. Не ведаю, ці так кажуць кракавяне, але мы вырашылі завітаць у кракаўскую ратушную піўніцу «Пад баранамі». Інтэр’ер вельмі спадабаўся. Тут ёсць спецыяльная зала для кабарэ. Праўда, у той час яна не працавала ды і людзей, акрамя хіба нас і бармэна, не было. На сценах піўніцы вісяць здымкі з выявамі шматлікіх польскіх знакамітасцяў. Сярод іх знайшлі здымак знакамітага польскага рэжысёра Анжэя Вайды – аўтара фільма «Катынь», паказ якога адносна нядаўна адбыўся ў Гродна. Быў Вайда ў піўніцы яшчэ ў 1996 годзе. Пра гэта сведчыць надпіс на глінянай дошцы з адбіткам рукі вядомага рэжысёра.
Вельмі хацелася пакатацца на знакамітых кракаўскіх брычках, але кошт у 100 злотых перабіў жаданне.
Хмара не небасхіле і цацачны гарадок
Увечары Кракаў асабліва прыгожы. Некаторыя слаба асветленыя вуліцы падобныя да гарадзенскіх. Разам са змрокам у Кракаў прыходзіць цішыня і супакой. Здаецца, што горад вырашыў нарэшце адпачыць ад страшэннай колькасці турыстаў, якія тапталі яго вуліцы ўдзень. Вось і мы вырашылі не парушаць спакой горада і рушылі назад, у Бэндзін.
Пасля Кракава давялося патрапіць у горы. Файна! Горы відаць за кіламетраў 30-40. Першы раз, калі пабачыла гэтую сінеючую хмару на небасхіле, ажно дух захапіла. Думала, што калі буду побач, то не здолею ўзыйсці. Але не! Усё было цудоўна. Накіраваліся мы ў бок горада Бельска-Бялы, які акурат і размешчаны ў падножжы гор. У гарах ляжаў снег, таму не адважыліся падняцца на самую высокую гару Шындзельню, а пайшлі на менш заснежаную Магурку, якая мае вышыню ў 909 метраў.
Уздымацца на такія горы не вельмі цяжка, паколькі яны не скалістыя, а лясістыя. Таму спецыяльнай вопраткі і дапаможных сродкаў для узыходжання на гару не патрабуецца, але цяплей апрануцца ўсё такі варта: ёсць істотная розніца ў тэмпературы, якая стаіць у падножжы гары і на яе піку. Кожныя 100 метраў уверх тэмпература паніжаецца да 2 градусы. У нашым выпадку розніца ў тэмпературах склала 9 градусаў. Нягледзячы на гэта некаторыя смельчакі ўзыходзілі на гару у кашульках. І я іх разумею, бо ў той дзень стаяла цудоўнае сонечнае надвор’е.
Заўсёды думала, што кій патрэбны для таго, каб лягчэй было на гару ўзыходзіць, але практыка паказала, што лепш ён дапамагае, калі даводзіцца з гары спускацца, асабліва, на заснежаных схілах, дзе ногі пад цяжарам цела так і цягнуць уніз. З гор адкрываюцца вельмі прыгожыя краявіды даліны, дзе размешчаныя населеныя пункты. Бельска-Бяла выглядае з гары як цацачны гарадок, складзены з запалкавых пачкаў і акружаны вадой.
Крыху шкада, што не давялося патрапіць у горы восенню, калі ўся гэтая лясістасць стаіць увабраная ў розныя яркія колеры. Але веру, што ўсё яшчэ наперадзе.