Анжаліка Арэхва замест Анжалікі Борыс
– Адыход Анжалікі Борыс с пасады старшыні СПБ быў вельмі нечаканым. Няпростым атрымалася і маё рашэнне згадзіцца выконваць яе абавязкі – сказала сп-ня Арэхва ў размове з карэспандэнтам “Твайго стылю”.
Абранне Анжалікі Арэхвы выконваючай абавязкі старшыні Саюзу палякаў адбылося ў суботу на паседжанні Рады арганізацыі. Удзел у сходзе бралі кіраўнікі найбуйнейшых аддзяленняў арганізацыі з усёй краіны.
Анжаліка Борыс на паседжанне Рады не прыйшла.
У час галасавання Анжаліка Арэхва апярэдзіла другога кандыдата – Мечыслава Яскевіча.
– Нашымі прыярэтатамі надалей будуць легалізацыя арганізацыі, а таксама папулярызацыя польскай культуры і асветы – паведаміла “Твайму стылю” Анжаліка Арэхва.
На працягу найбліжэйшых 2,5 года павінен адбыцца з’езд СПБ, які абярэ новага старшыню арганізацыі.
Анжаліка Арэхва нарадзілася ў 1973 г. у Лідзе. Скончыла факультэт паланістыкі ва ўніверсітэце ў Любліне (Польшча).
Да гэтага часу працавала намесніцай старшыні СПБ, узначальвала ў арганізацыі аддзел асветы, некалькі гадоў кіравала грамадскай школай пры Саюзе палякаў.
Фота: Radosław Nawrocki /Agencja FORUM