Нас не зразумее спажывец ці Нязвыкла неяк…
Па-першае, я проста неабыякавая да працэсу стварэння рэкламы. Гэта захапляльны і крэатыўны занятак, канчатковы прадукт якога можа стаць сапраўдным творам. Бо рэклама бывае не толькі «дакучлівай» і суправаджае не толькі прадукты харчавання ці панчохі з тэлевізарамі. Не меней, а можа быць, і болей цікавая, напрыклад, сацыяльная рэклама. Альбо – палітычная. Калі ў ёй «рэкламуюцца» розныя цікавыя асобы, а не толькі адзіны абражаны (у апошнія дні) твар…
Па-другое, беларускамоўнасць. Як заяўлена на сайце Adnak!: «Колькасць людзей, якія жадаюць успрымаць самую розную інфармацыю, у тым ліку і праз рэкламу, на беларускай мове дынамічна расце». Дарэчы, ў суседняй Украіне рэкламы на рускай мове і зусім няма (забаронена законам), што, зрэшты, зразумела. Дзяржаўная мова там адна.
Безумоўна, беларускамоўнай рэкламы ў эфіры, на старонках друкаваных выданняў, на вуліцах беларускіх гарадоў павінна быць нашмат больш. «Гэта сацыяльны імператыў» – нагадвае Adnak! І дэкларуе, што фестываль будзе садзейнічаць выпрацоўцы нацыянальных прыярытэтаў у рэкламе.
Па-трэцяе, арганізатары фэсту ставілі мэтай вызначыць стан беларускамоўнай рэкламы на сучасным этапе, таму спаборніцкая вымова ссунутая на другі план, а на першы – збор максімальнай колькасці прац.
У мяне вельмі шмат прыяцеляў-рэкламістаў, якія займаюцца і паліграфіяй, і вонкавай рэкламай, і тампадрукам (на розных прадметах), і распрацоўваюць слоганы, канцэпцыі і цэлыя PR-кампаніі. Пачуўшы пра конкурс, адправілася пацешыць некаторых магчымасцю ўдзелу.
– Разумееш, – разумна зазначылі мне ў гродзенскім РА «Жук», – мы можам паўдзельнічаць, гэта жудасна цікава, але нічога беларускамоўнага пакуль не рабілі.
– Так зрабіце!
Аднак пры гэтым прагматычныя рэкламісты, якія маюць звычку і ўмеюць усё лічыць і прагназаваць, вырашылі так: каб не марнаваць сілы і не рабіць нешта толькі «дзеля ўдзелу», але і для карысці, прапанаваць рэкламадаўцам ужо зацверджаныя праекты перакласці на беларускую мову.
Пачалася праца. Скончылася яна 23 чэрвеня (апошні дзень прыёму прац аргкамітэтам фестывалю) поўным… крахам. Распавядае менэджэр рэкламнага агенцтва Лілія Гарохава:
– Мы абыйшлі каля 30-ці заказчыкаў. І вось, што атрымалася… Толькі адзін з іх – фірма «Юрась» успрыняла ідэю на ўра. (Фірма «Юрась» са дня свайго з’яўлення, а гэта было больш 10-ці гадоў таму, рэкламавалася выключна на беларускай мове. – аўт.). Пяць заказчыкаў абяцалі падумаць, месяц думалі і не вырашыліся. Мы з-за іх «думання» толькі час страцілі. Яшчэ 25 заказчыкаў адназначна і адразу сказалі «не». Далейшую агітацыйную працу мы палічылі немэтазгоднай…
Я сёння зазірнула на сайт Adnak! і ўбачыла, што тэрмін падачы прац на фестываль прадоўжаны яшчэ на тыдзень: «Не сакрэт, што многія людзі робяць усё ў апошні момант, адцягваючы прыняцце рашэння да дэдлайну, і вялікая колькасць працаў і заявак на ўдзел у Фестывалі паступіла якраз у апошнія дні. Менавіта з гэтым і звязанае працягванне тэрміну падачы працаў да аўторку, 29 чэрвеня. А працы ад удзельнікаў Конкурсу маладых рэкламістаў, партнёрам якога з’яўляецца кампанія Velcom, будуць прымацца да 3 ліпеня ўключна».
Магчыма, справа не толькі ў «апошнім моманце» і рэкламісты ў іншых рэгіёнах сутыкнуліся з падобнымі да гарадзенскіх праблемамі. Наогул пакуль пададзена каля 100 заявак. І гэта, мне падаецца, для ўсёй краіны мала. Рэкламны рынак – вельмі дынамічны, шматлюдны і добра развіваецца.
Цікава, у чым прычына таго, што беларускі вытворца не гарыць жаданнем прасоўваць сваю прадукцыю на роднай мове? Не ведаю, як па краіне ў цэлым, але апытаныя ў Гродна рэкламадаўцы, проста шакавалі самым распаўсюджаным адказам: «Нас не зразумее спажывец»… Добрага ж яны меркавання аб разумовых здольнасцях свайго спажыўца. На другім месцы быў адказ: «Нас ужо ведаюць менавіта ў рускамоўным варыянце». Самым сумленным здаўся такі: «Нязвыкла неяк…».
Гэта праўда. Магчыма, стэрэатыпы і звычкі час ад часу трэба змяняць, і фестываль паспрыяе гэтаму.
На фота: на вул. К.Маркса тры рэкламныя канструкцыі побач, адна нават на «лацініцы»… Як быццам, і не ў Беларусі