Кошт апошняга званку
Паспрабаваўшы ў сярэднім падлічыць тыповыя выдаткі бацькоў адзінаццацікласнікаў на выпускны, я атрымала наступныя лічбы: каля 300 тысяч рублёў пайшло ў гарадзенскіх школьнікаў непасрэдна «на мерапрыемства». Але не трэба забываць, што грошы здаваліся таксама і на выпускныя іспыты: алоўкі, сшыткі, шакаладкі і кветкі для камісіі «пацягнулі» з аднаго сямейнага бюджэту ў сярэднім па 50-80 тысяч рублёў. Некаторыя паралелі і класы замаўлялі на выпускныя вечарынкі дыджэяў, а гэта – 300-400 даляраў. Калі выказаць здагадку, што ў класе 22 вучні, то кожны павінен быў здаць дзесьці каля 50 тысяч рублёў за «музычнае суправаджэнне».
>
Ну і, вядома, самае галоўнае на выпускным – што апрануць? Вось вам некалькі прыкладаў, колькі гарадзенскія модніцы аддалі за свае сукенкі.
Дыяна: Сукенку на выпускны я шыла ў атэлье. Усё цалкам, уключаючы тканіну і пашыў, абыйшлося нам у 180 тысяч. Але я лічу, што гэта не дорага, бо астатнія дзяўчынкі ў класе куплялі сукенкі коштам каля 300 тысяч. Насамрэч мае бацькі не казалі, што выпускны абыйшоўся дорага або «пацягнуў» грошай. Маці разумее, што гэта адна з найважнейшых падзей у маім жыцці і пастаралася быць лаяльнай ва ўсіх адносінах.
Марына: Сваю сукенку я купляла ў Польшчы, таму што тут нічога прыдатнага ў Гродна не знайшла. Мой строй каштаваў 130 злотых, і я лічу, што гэта не дорага. Набыла кароткую чорную сукенку без усялякіх «выкрутасаў». Мэты быць на выпускным «каралевай балю» я не пераследвала, таму даражэннай сукенкі вырашыла не купляць.
Наташа: З «выпускной сукенкай у мяне выйшла даволі цікавая гісторыя. Да строяў я пачала прыглядвацца за месяц да мерапрыемства. І першая сукенка абыйшлося ў 210 тысяч. За дзень да выпускнога я вырашыла сукенку прымерыць і пераканацца, што ўсё добра. На жаль, добрага нічога з гэтай справы не выйшла, бо прымерка відавочна паказала, што я за месяц… падрасла. Пасля доўгай істэрыкі, непасрэдна ў дзень выпускнога балю пайшла за другой сукенкай і зараз радуюся, што знайшла тое, што хацела. Новая сукенка каштавала 170 тысяч, выпусны прайшоў «на ўра!» і зараз над прыгодай я смяюся!
Насця: Сукенку на выпускны вечар мы з бацькамі выбіралі ў Турцыі. Колькі яна каштавала, я не памятаю, але ведаю, што не танна. Я прымрала некалькі варыянтаў, бацькі ўхвалілі адзін і са строем было скончана. Магу сказаць, што астатнія выдаткі на знешні выгляд былі мінімальнымі: фрызуру рабіла суседка, а за макіяж я аддала 15 даляраў.
Хлопчыкі не адрозніліся асобай балбатлівасцю з нагоды гарнітураў, але прызналіся: у сярэднім гарнітур са ўсімі аксэсуарамі абыйшоўся ў 250 000 рублёў. Затое хлопцы ўспомнілі пра выдаткі на школьныя альбомы і відэаздымкі. Гэта ў сярэднім 100-150 тысяч рублёў.
Такім чынам, падвядзем падрахунак. Калі палічыць усе выдаткі на адну «выпускную персону, то лічба не будзе маленькай. У сярэднім з сямейнага бюджэту сыйшло каля 700 тысяч беларускіх рублёў – сярэдні заробак аднаго з бацькоў. Вядома, выпускны ўсе святкуюць па-рознаму. Сярод апытаных хлопцаў былі і тыя, хто не адважыўся «адкрыць» месца, дзе праводзіўся выпускны, што на ім было і колькі каштавала.