Колькі міліцыянтаў ахоўваюць нашае багацце?
Аб гэтым сведчаць дадзеныя сумеснага даследавання Еўрапейскага ўніверсітэту ў Санкт-Пецярбурзе і газеты «Ведамасці». Аб гэтым сведчаць і нашыя ўласныя вочы. Напрыклад, у часе правядзення Фестывалю нацыянальных культур у Гродна. Тэма – ужо парадкам надакучыўшая. Але ўсёткі… Адна справа, калі ты бачыш, што іх неабгрунтавана шмат. Іншая – калі можаш параўнаць лічбы.
Паказчык Беларусі больш чым у два разы перавышае сярэднія паказчыкі (637,9 чалавек) у выбарцы з 15 краін. На другім месцы знаходзіцца Расія (975,7 чалавека на 100 тысяч). Самая нізкая ў рэгіёне колькасць сілавікоў адносна насельніцтва назіраецца ў Польшчы (328,3 чалавека на 100 тысяч).
«Твой стыль» папрасіў пракаментаваць такую сітуацыю… міліцыянера. Нам падалося гэта цалкам апраўданым: каму як не прафесіяналу ацэньваць кадравую сітуацыю ў сваім ведамстве. Не гледзячы на «карпаратыўную» этыку, падпалкоўнік міліцыі сказаў:
– Наш народ я лічу цалкам законапаслухмяным, і хлопцаў з дубінкамі магло б быць менш. Яны ствараюць нейкі фон, і па «напаўненні» імі гарадоў можна зрабіць выснову, што парадак забяспечваюць менавіта яны… Аднак, скажу вам адкрыта, гэта – «едакі». Яны выдатна «цягнуць» з бюджэту. Затое якасных прафесійных следчых, апероў не хапае. А менавіта яны займаюцца раскрыццём злачынстваў, затрыманнем зламыснікаў… Але яны – у цені, іх кругласуткавай працы радавыя гараджане не заўважаюць. І заробкі ў іх, скажу вам, даволі сціплыя.
У часе паездкі ў Швецыю нашую дэлегацыю прывялі ў галоўны паліцэйскі дэпартамент, каб азнаёміцца з працай мясцовых праваахоўных органаў.
– А якая колькасць вашай беларускай паліцыі? Калі, вядома, вы можаце назваць гэтую лічбу? – Ветліва пацікавіліся шведы.
– Больш за сто тысяч. – Дакладнай лічбы мы не ведалі.
– А якая колькасць насельніцтва вашай краіны? – Насцярожыліся шведы.
– Як і вашай, каля 10 мільёнаў чалавек…
– О-о! – Захапіліся шведы. – У вас вельмі багатая краіна. Мы не можам утрымліваць такі штат паліцыянтаў.
А мы можам… Толькі за чый кошт?
Фота http://old.lenta.ru