Неўзабаве ў Наваградку пачнецца Грунвальдская бітва (Фота)
– Надвор’е ў Наваградку проста шэпча! – паведамляе з месца падзей карэспандэнтка ТС Інга Сакута.
– На свята прыйшло вельмі шмат людзей. Многія ўжо займаюць месцы насупраць Замкавай гары, каб добра бачыць рашаючы бой паміж Вялікім княствам Літоўскім і тэўтонцамі.
Лагер рыцараў
Багата народу збірае батлейка пана Скіргайлы.
>
Сюжэт паводле старога спектакля пра цара Ірада перароблены на сучасны манер: у вобразе дэспатычнага юдэйскага валадара гледачы пазнаюць аднаго з цяперашніх кіраўнікоў Беларусі.
Фестываль сярэднявечнай культуры “Наваградскі замак-2010” распачаўся 25 чэрвеня навуковай канферэнцыяй, прысвечанай Грунвальдскай бітве.
Такія лялькі выраблялі калісьці нашыя прабабулі.
Свята завяршыцца сёння а 18-й гадзіне на гарадской плошчы пасля канцэрта аркестра пад упраўленнем М. Фінберга.
А ўчора ў Наваградку адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам загадчыка ўпраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкама Аляксандра Лойкі.
Чыноўнік адмовіўся назваць журналістам бюджэт фестываля, патлумачыўшы гэта наступным:
– У мяне ўсё яшчэ баліць душа, калі пад час Фестывалю нацыянальных культур я агучыў ягоны бюджэт. А потым у “Вечерним Гродно” на другой старонцы выйшаў артыкул – вялікімі літарамі “ПРАГУЛЯЛІ МІЛІЯРД”.
Мне хацелася б, каб вы не падагравалі ў народа такое пачуццё: варта ці няварта праводзіць такія фестывалі? Можа быць, сапраўды зрабіць для людзей такі дыспут: трэба ці не? Можа, мы сапраўды зафестываліліся? Можа, лепш аддаць гэтыя грошы на іншае: пакрыць дах у Доме культуры ці што?
З адкрытых крыніц, аднак, вядома, што агульны каштарыс Фестывалю складае прыкладна 250 мільёнаў беларускіх рублёў, з якіх 160 мільёнаў бюджэтныя сродкі, выдаткаваныя Міністэрствам культуры і ўпраўленнем культуры аблвыканкама.
Фота аўтара