Новы праект гарадзенскіх гісторыкаў: электронныя кнігі па гісторыі Гародні

|

Першай на старонцы з’явілася польскамоўная манаграфія Юзэфа Ядкоўскага “Абарончая святыня на Каложы ў Гародні ў святле архіўных і археалагічных даследванняў, выкананых у 1935 годзе”. Тэкст кнігі адсканаваны з выдання 1935 года студэнтамі гістфаку Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Ядкоўскі быў пачынальнікам археалагічнай справы ў Гародні, таму серыя публікацый распачалася ягонай манаграфіяй. У бліжэйшых планах – кніга Зігмунта Дурчэўскага, прысвечаная раскопкам Гародні ў сярэдзіне – другой палове 1930-ых гадоў, кніга Вароніна “Старажытны Гродна”.

Як паведамілі “Твайму стылю” ініцыятары праекта, кнігі будуць выкладацца на сайт кожныя некалькі тыдняў.

Гародня мае вельмі багатую археалагічную спадчыну, раскопкі ў горадзе актыўна вяліся з 30-ых да канца 80-ых гадоў мінулага стагоддзя.

Іх вынікі адлюстраваныя ў навуковых манаграфіях, але ўсе яны на сёння з’яўляюцца рэдкасцю.

Зрабіць іх больш даступнымі для гарадзенцаў пакліканы новы праект стваральнікаў http://harodnia.com/.

На фота: Ю.Ядкоўскі вядзе экскурсію на гарадзенскім замчышчы для польскіх навукоўцаў (сяр.1930-ых гг.).

Фота з Нацыянальнага лічбавага архіва Польшчы.