Гродзенскае Купалле запаліць вогнішчы

У гэтую ноч плануецца пляценне вяночкаў, апавяданні пра традыцыі і гісторыю свята, купальскія спевы і гульні, народныя танцы, скокі праз вогнішча, жывая музыка ды шмат пазітыву.

 

Купалле на Гродзеншчыне ў такім выглядзе святкуецца больш за 20 год. Першае свята адбылося ў ноч з 1 на 2 ліпеня 1988 года, дзякуючы грамадскаму аб’яднанню “Паходня” з дапамогай менскіх сяброў.

 

Першая адметнасць гродзенскага Купалля – дата, якая не прывязваецца ні да каталіцкага, ні да праваслаўнага стылю, – кажа старшыня “Паходні” Мікола Таранда. – Другая – тэатральная пастаноўка.

 

На першым Купаллі яе рабілі акторы з львоўскага тэатра, зараз ладзіцца намаганнямі мясцовай моладзі. На свята збіраюцца госці з Беларусі і Польшчы. Першая ўмова для ўдзелу – беларускія строі, іх стылізацыі ці вобраз якой-небудзь чароўнай істоты.

 

У мінулым годзе на гродзенскае Купалле прыйшло больш за сто чалавек.

 

На здымку: гродзенскае Купалле 2008 году.

Здымак Сашы Касцецкай