Як я эксклюзіўны «гарачы тур» шукала

|

Мае пошукі пачынаюцца з рэкламных абвестак у гарадзенскіх газетах.

Чытаю, запісваю адрасы, тэлефоны, адным словам раблю ўсё тое, што робіць кожны будучы турыст.

Вандроўка па гарадзенскіх турфірмах пачынаецца з вуліцы Ажэшкі.

Першае з наведаных турагенстваў аказваецца «дачкой» расійскай фірмы з Расіі. На гарадзенскім рынку нядаўна, але наведвальнікаў хапае.

 

Мне прыйшлося прасядзець з паўгадзіны да моманту, пакуль дойдзе мая чарга.

Пры мне людзі куплялі сабе тур у Егіпет. Заўважаю, што гарадзенцы найбольш ахотна купляюць і цікавяцца турамі ў Турцыю.

 

Туды ж адразу прапанавалі паехаць і мне.

Мне, аднак, патрэбны «эксклюзіў»!

– Тады Вам у Грэцыю, за 700 еўра!

– А ў Эміраты?

– Тады каля $1000 з вылетам з Мінску ці з Масквы.

 

Наступны пункт майго маршруту – «ТОП ТУР» на вуліцы Калючынскай. Адчуваецца розніца: прыемная абслуга, усё па–еўрапейску.

Грэцыю прапаноўваюць амаль на тых жа умовах. Ад Арабскіх Эміратаў мяне адгаворваюць – занадта там зараз горача і таму лепш… у Грэцыю!

 

У пошуках «эксклюзіву» спрабую «прабіць» на сайце агенцтва тур у Дамініканскую Рэспубліку.

Дакладны кошт тура высветліць з дапамогай сайта не атрымліваецца.

Затое ёсць важная інфармацыя: каб паехаць у далёкую карыбскую краіну, трэба мець не толькі візу і турыстычны ваўчар, але і выпіску з банку, якая падцвердзіць наяўнасць у вас не менш за $3000.

Гатэлі ад чатырох зорак і вышэй. Значыць, таксама абыйдуцца зусім не ў «капейку».

Магчыма, пашанцуе ў іншым месцы?

 

У «Алатан Туры» за прафесійны падбор тура трэба заплаціць 50 тысяч. Для эканоміі сродкаў прашу візітоўку і накіроўваюся бясплатна вандраваць па сайце фірмы.

Агенцтва існуе з 1993 году і, як вынікае з інфармацыі на старонцы, «з’яўляецца адной з найбуйнейшых у Беларусі».

Выбар сапраўды вялікі: Індыя, Гоа, Дамініканская Рэспубліка – гэта толькі невялікая частка прапановаў.

Падабраць тур можна самому. Галоўнае – ведаць куды і за колькі.

Для падбору некаторых тураў фірма карыстаецца прапановамі сайту ТЭЗ ТУР-а.

Кошты падобныя да прапановаў у папярэдніх турфірмах.

 

Профіт. Інтэрнэт адразу выдаў некалькі не вельмі добрых водгукаў, але вырашаю ўсё праверыць на ўласным досведзе.

Ветлівая дзяўчына прапануе тую ж Грэцыю. З дапамогай сайту фірмы можна выбраць і іншыя туры па даступных вам коштах.

 

Пасля дня паходаў па гарадзенскіх турфірмах раблю наступныя высновы: прапановаў па добрым адпачынку за мяжой багата.

Перад тым, як ісці ў якую-небудзь фірму, лепш пазнаёміцца з яе прапановамі ў інтэрнэце.

Ну і запасайцеся грашыма – гэта аснова адпачынку.

 

Калаж: Юля Катаржынская