У Гродне працуе выстава «Беларусь Прэс– Фота’2010»
Удзел у ім бралі 96 беларускіх фатографаў, якія прапанавалі на суд прафесійнага журы больш за 1200 здымкаў і серый у васьмі намінацыях.
У фінал конкурса прайшлі і гарадзенскія фатографы – Аляксандр Саенка (на здымку разам з дырэктаркай музею Людмілай Карнілавай), Леанід Шчаглоў, Юлія Дарашкевіч і Андрэй Лянкевіч.
>
Выстава ў музеі гісторыі рэлігіі ўключае 41 фотаздымак і моцна адрозніваецца ад таго, што дэманстравалася раней у Беларусі.
На фотаздымках паказаныя рэчаіснасць, людзі, эмоцыі, само жыццё. Моманты, якія не хаваюць праўду, а адкрываюць вочы, здымаюць ружовыя акуляры з вачэй.
– Любы фотаздымак, які адлюстроўвае сапраўднае жыццё, заўсёды наводзіць на роздум.
Астатняе – прафесіяналізм. Калі чалавек добра валодае фотатэхнікай, ён у рэальным жыцці знойдзе той момант, які і праз дзесяць год будзе выклікаць пэўныя эмоцыі – падзяліўся сваімі развагамі наконт выставы вядомы гарадзенскі фатограф і адзін з яе арганізатараў Леанід Шчаглоў.
Гэта ўжо не першы паказ лепшых прац конкурсу ў Гродна.
У сярэдзіне траўня яны дэманстраваліся ў межах Фестывалю маладзёвай журналістыкі «Твой стыль».