Візавай падтрымкі на сёлетніх БАСах не будзе
Сёлета без віз маглі застацца не толькі наведвальнікі фестывалю, але нават і некаторыя гурты. На шчасце, сітуацыя з музыкамі вырашаная.
“Мы планавалі замовіць трыста візаў для гледачоў. Я не магу сказаць, што кансулят адмовіўся дапамагчы”, – кажа старшыня БАС Кася Кузьміч,
-“Мы проста не атрымалі з Мінску ніякага адказу. Не атрымаўшы адказу на лісты, на працягу тыдня намагаліся з імі скантактавацца. Але дамовіцца змаглі толькі наконт візаў для гуртоў. Яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня вяліся перамовы з гродзенскім кансулятам, але і там не атрымалася.”
Вялікая колькасць людзей, атрымаўшы халяўную візу, не збіраецца наведваць фестываль, а карыстаецца ёй для закупаў у беластоцкім Ашоне ці вандруюць па Еўропе. Распазнаць іх сярод соцень жадаючых не ўяляецца магчымым.
“Вельмі шкада, што сёлета не будзе візавай падтрымкі, на наступны год будзем думаць над сістэмай, што задаволіць кансулят і наведвальнікаў”, – кажа Кася Кузьміч.
21-е Басовішча распачне з традыцыйных хэдлайнэраў: NRM, «Крамы» і «Нэйра Дзюбель», затое ўпершыню прыедзе “Ляпіс Трубяцкой”. Ня будзе таксама і прагляду ў Менску для канкурсантаў. Сёлета ў склад журы ўвайшлі Бобан – гурт Zero-85, рэпэр Кроў і музычны блогер Вячаслаў Радзіёнаў. Галоўны прыз Басовішча 2010 – 10 гадзінаў запісу ў польскай студыі Rembrandt і 1000 даляраў.