Вышэйшая адукацыя ў Беларусі падаражэе

Сёлетнія кошты на платнае навучанне будуць адчувальна адрознівацца ад коштаў 2009/2010 навучальнага году, паведамляе “Народная воля”.

 

Шэраг беларускіх ВНУ ужо вызначыліся з новымі памерамі платы. Напрыклад, Акадэмія кіравання пры прэзідэнце РБ на сваім сайце ўжо апублікавала новыя лічбы, розніца з мінулагоднім коштам склала 400 тысяч рублёў.

 

Агучылі новыя кошты таксама Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт.

 

Калі казаць пра гродзенскія ВНУ, то лічбаў канкрэтна пакуль няма, але падвышэнне плануецца. У купалаўскім універсітэце паведамілі, што кошты падвялічваюцца штогод, гэтым разам магчыма аплата падымецца ў сярэднім на 200 тысяч. Завочная адукацыя будзе каштаваць палову кошту за дзённае навучанне. У Аграрным універсітэце пакуль чакаюць пачатку прыёмнай камісіі, якая распачнецца 16 ліпеня і будзе доўжыцца да 25 ліпеня.

 

У Медычным універсітэце дадзеных таксама няма. У мінулым навучальным годзе навучанне на доктара за год каштавала ў сярэднім 4 мільёны 590 тысяч.