Студэнтам можна быць і пасля 50-ці (Дадалося відэа)
Удзельнікамі гэтага праекта, ініцыяванага грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар”, з’яўляюцца сталыя гарадзенцы, якія хочуць самаразвівацца, быць карыснымі грамадству.
На працягу двух месяцаў яны бралі ўдзел у агульных тэматычных сустрэчах, прысвечаных псіхалогіі сталага ўзросту, здароваму ладу жыцця, юрыдычным аспектам, якія могуць цікавіць сталых людзей.
Апроч таго, кожны ўдзельнік праекта меў магчымасць наведваць розныя курсы – “Акадэмію мастацтваў Залатога Веку”, “Беларускія вячоркі”, “Жыццёвы дзённік”, кампутарныя курсы, ёгу, браць удзел у цыкле экскурсій па горадзе пад назвай “Падарожжы ў часе і прасторы”.
Якімі былі гэтыя два месяцы для слухачоў “Універсітэту”? Чым запомніліся?
Адказы на гэтыя пытанні можна было знайсці на так званым “перадканікульным выпускным”, які адбыўся 2 ліпеня.
– Мне вельмі спадабалася працаваць з гэтай групай, таму што перш за ўсё гэта людзі цікаўныя, якія імкнуцца глыбей ведаць гісторыю нашага роднага гораду, – дзеліцца сваімі ўражаннямі ад удзелу ў праекце экскурсавод Віктар Кірэеў.
– У творчасці павінны ўдзельнічаць два бакі – актор і глядач. Калі яны вартыя адзін аднаго – то атрымліваецца добра. Я, напрыклад, адчуваў такі своесаблівы ўзлёт настрою, думкі, калі бачыў гэтую зацікаўленасць.
Аднойчы нават у вельмі моцны дождж прыйшлі амаль усе, хадзілі да канца, вымаклі ўшчэнт, але тое, што трэба, што было запланавана – зрабілі. Я і далей хацеў бы праводзіць такія экскурсіі.
Сапраўды, усе ўдзельнікі з захапленнем адгукаліся аб экскурсіях, якія праводзіліся ў межах Універсітэта. Але не толькі аб іх.
Вольга Іллінічна:
–Уражанні ў мяне вельмі добрыя. Мне вельмі падабаецца кантактаваць з людзьмі, якія сюды прыйшлі, падабаецца вучыцца тут: я малюю, хажу на ёгу і спазнаю наш родны горад на экскурсіях.
Нават не ўяўляеце, наколькі запамінальны быў для мяне момант, калі я прыйшла ў сапраўдную мастацкую майстэрню і ўпершыню сама намалявала свой малюнак, я ніколі не думала, што змагу такое!
Тут я сустрэла шмат людзей, з якімі мне вельмі прыемна мець зносіны. Тут мы раскрываем свой патэнцыял, які ў нас ёсць і які мы не паспелі раскрыць раней. А зараз нам даюць магчымасць выкарыстоўваць усе нашыя веды, усё, што мы ўмеем, у гэтым Універсітэце.
У наступным навучальным годзе я хацела б нават праявіць сябе і правесці групу здароўя, дзе мы ваконвалі б фізічныя і дыхальныя практыкаванні менавіта для нашага ўзросту. Спадзяюся, арганізатары падумаюць над маёй прапановай.
– Я вельмі люблю назіраць за людзьмі. І калі людзі ўмеюць радавацца як малыя, калі ад іх зыходзіць такая шчырая любоў да ўсіх, калі людзі, якія былі хвіліну таму чужыя, заходзяць ў залу і пачынаюць усміхацца – у мяне такое пачуццё, што я самы шчаслівы чалавек на свеце – з усмешкай распавядае Тэрэза Жукоўская.
– Залаты Век для людзей, якія ўмеюць усміхацца. У наступным навучальным годзе трэба замацоўваць тое, што ўзнікла спантанна зараз.
Не маючы хвіліны вольнага часу, я памру – але буду наведваць экскурсіі, мне гэта вельмі цікава. І буду хадзіць да мастака Іваноўскага – каб навучыцца пісаць карціны.
Узгадваю зараз самы запамінальны, хвалюючы момант – першую сустрэчу, калі людзі толькі-толькі прыходзілі, і сённяшнюю сустрэчу, калі мы знаёмы ўжо два месяцы. Розніца для мяне відавочная.
І я рада за людзей, што яны навучыліся жыць, ўсміхацца і быць шчаслівымі.
Таццяна Пракопік:
– Для мяне галоўным былі зносіны, кантакт з моладдзю, бо нашыя кіраўнікі, у тым ліку і Віктар Раманавіч, які вёў экскурсіі, значна маладзейшыя за нас. Усе яны інтэлектуальна падрыхтаваныя, таму і цікава.
Кожны чалавек тут цікавы па-свойму: Іра, якая вядзе нашу ёгу, ці Віталь – кіраўнік нашага кампутарнага гуртка. Дзіўлюся, як ім удаецца з намі працаваць! Я думала, што мы нікому не цікавыя!
Гэта першае маё адкрыццё – маладыя працуюць з намі, старымі, пры гэтым ім, нашай моладзі, здаецца, гэта падабаецца!
Вядома, я вельмі хачу працягваць навучанне ў наступным навучальным годзе, а сярод новага была б не супраць арганізацыі асобных вечароў адпачынку, няхай гэта будзе раз на 2 – 3 месяцы, каб на гэтых сустрэчах кожны мог праявіць сябе.
Абавязкова трэба адкрыць курсы замежнай мовы – ангельскай, нямецкай, польскай! Ой, і яшчэ я б паўдзельнічала ў якіх-небудзь дэбатах ці дыскусіях! І я вельмі хачу для сябе адкрыць беларускую паэзію, таму прапаную арганізаваць паэтычны гурток!
align=”left” width=”118″ height=”136″ >–Усё проста цудоўна! Супер! – узрушана расказвае спадар Алесь.
– Я хадзіў на мастацтва і экскурсіі – тое, што мяне цікавіла!
Сённяшні дзень самы запамінальны: трошкі экспромту, але вельмі прыемнага і цікавага!
Плюс спрыяльнае надвор’е! Таму ўсё вельмі прыгожа і файна!
Вольга Іванаўна:
Я вельмі ўдзячна лёсу, што я сюды трапіла. Я чалавек адзінокі, таму ўсім дзякую за зносіны.
Я вельмі шчаслівая! Хацела б, каб на наступны год быў арганізаваны гурток па беларускім народным традыцыям, сама магла б шмат чаго распавесці.
Можна было б арганізаваць вечар паэзіі – я магу пачытаць вершы, калі трэба.
Карацей, спатрэблюся.
Некаторыя удзельнікі Універсітэта пажадалі, каб іх называлі толькі па імёнах. Ну, канешне, калі душа маладая, яна патрабуе такога ж да яе стаўлення. Сярод іх – спадарыні Вікторыя і Ванда:
–Нам было вельмі прыемна наведваць гэты Ўніверсітэт. Самы яркі момант, напэўна, гэта сённяшні дзень – усё вельмі спадабалася, многія людзі па-іншаму раскрыліся, было шмат цікавага.
Спадарыня Ванда крышку памаўчала і дадала:
– Не буду больш нічога казаць, каб не сурочыць, раптам скончыцца не так, як пачалося. Жадаю, каб усё працягвалася і далей, бо пачатак вельмі добры!
Вельмі радасна тое, што ўсе “выпускнікі” проста свяціліся ад радасці і шчасця, і гэта зразумела. Урэшце людзі пенсійнага ўзросту атрымалі тую ўвагу, якой сапраўды патрабуюць.
Быць патрэбным і карысным камусьці, мець зносіны з вялікай колькасцю цікавых людзей, пазнаваць новае, рэалізаваць сябе – гэта патрэбна кожнаму чалавеку, тым больш людзям сталага веку.
Зараз яны атрымалі цудоўную магчымасць зрабіць тое, на што ім калісьці проста не хапіла часу.
Фільм, прысвечаны Ўніверсітэту Залатога Веку, глядзі тут