Больш за 250 дзяцей на Гродзеншчыне сёлета пацярпелі ад укусаў кляшчоў
Як паведаміла “Твайму стылю” абласны энтамолаг Вольга Люцік, за паўгады да спецыялістаў звярнуліся каля 2100 жыхароў Гродзеншчыны, сярод якіх 254 дзіцяці.
У двух выпадках падцвердзілася захворванне на энцэфаліт (летась не было ніводнага выпадку), у 34 – лаймбарэліёз (у мінулым годзе 17 выпадкаў).
Па Беларусі толькі за чатыры апошнія месяцы зафіксавана 15,6 тысяч пацярпелых ад укусаў кляшчоў, што на 25% больш за аналагічны мінулагодні перыяд.
Гродзеншчына па колькасці ахвяр гэтых насекомых знаходзіцца на трэцім месцы пасля Мінска і Мінскай вобласці.
Папуляцыя кляшчоў на Беларусі павялічваецца з кожным годам. Гэтаму спрыяе змякчэнне клімату, ранняя вясна і павелічэнне колькасці пацукоў і мышэй.
Калі да вас прысмактаўся клешч, энтамолагі раюць выдаліць яго як мага хутчэй, змазаць ранку йодам ці зялёнкай, а самога кляшча занесці ў занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі (у Гародні ён знаходзіцца па адрасе пр-т Касманаўтаў, 54а).
Спецыялісты высвятляць, ці быў клешч носьбітам захворвання і, у выпадку неабходнасці, прызначаць лячэнне.
Дзецям, цяжарным і інвалідам даследванні зробяць бясплатна, астатнім гэта будзе каштаваць 17310 рублёў.