Прэзідэнцкія выбары па-польску

|

Зірнем хаця б на яўку выбаршчыкаў – гэтым разам яна дасягнула 54,93% у першым і 55,31% у другім туры.

Здаецца, не так ужо і шмат, ведаючы фенаменальныя вынікі адданага беларускага электарату, але ж у параўнанні са звычайнай яўкай палякаў, якая часта не перавышае паловы, гэта сапраўды высокі адсотак.

Узгадайма хаця б рэферэндум па ўступленні ў Еўрасаюз: яго прыйшлося расцягнуць на два дні, каб забяспечыць адпаведную патрабаванням яўку.

 

Гэтым разам яўку забяспечылі, з аднаго боку, прыхільнікі Яраслава Качынскага, з іншага… не, вядома ж, не электарат Камароўскага (хто гэтыя людзі?!) і, мабыць, не прыхільнікі яго партыі, але тыя, хто баіцца паўтарэння сітуацыі двухгадовай даўніны.

 

Яшчэ больш цікавая колькасць няправільна аддадзеных галасоў. Каля 120 тысяч чалавек змарнавала свае галасы ў першым туры і каля 190 у другім – гэта пра нешта кажа.

Сумнеўна, што столькі людзей памылілася ў запаўненні просценькага бюлетэня.

Відаць, такія лічбы – вынік дзейнасці «самых свядомых выбаршчыкаў».

 

Самыя свядомыя – не блытаць са значэннем гэтага паняцца ў нашым асяроддзі – гэта тыя, хто прысвяціў хаця б крыху свайго часу, каб прыйсці на выбарчы ўчастак (Польшча ж не Эстонія і галасаваць праз інтэрнэт там яшчэ нельга) ды змарнаваць свой голас, псуючы бюлетэнь.

 

Здзіўляе, праўда, параўнальна невялікая колькасць такіх людзей – усё ж такі, выбары былі ў пэўным сэнсе безальтэрнатыўнымі, бо абодва лідэры рэйтынгаў – тыпова правыя кандыдаты.

 

Дарэчы, пра рэйтынгі. Робіцца ўсё больш зразумелым, якую шкоду яны прыносяць дэмакратыі.

Паказваючы відавочных пераможцаў ужо некалькі месяцаў перад выбарамі, яны адбіваюць ахвоту галасаваць за «сваіх», але відавочна слабых кандыдатаў і прымушаюць падтрымаць кагосьці з лідэраў.

Таму наўрадці варта чакаць ад любых уладаў хуткага абмежавання публікацыі рэйтынгаў. А шкада…  

 

Па шчырасці, сярод маіх польскіх сяброў значная большасць – тыя, хто адмыслова пайшоў на выбары, каб прагаласаваць няправільна, пазначыўшы больш за аднаго ці наогул ніводнага кандыдата.

 

Гэтак зрабілі мае сябры з універсітэту, мая дзяўчына і нават ледзь знаёмая полька, з якой я выбраўся прагуляцца па Варне – яна адмыслова адшукала пункт для галасавання ў балгарскім курорце, каб свядома змарнаваць свой голас.

Ці вось сусед па пакоі – паехаў на іншы канец гораду зарэгістравацца выбаршчыкам у Кракаве, каб потым прыйсці і прагаласаваць «супраць усіх».

 

Ва ўмовах стабільнай дэмакратыі – што можа быць лепшым паказчыкам палітычнай свядомасці?

 

Лёша Шота, Кракаў-Варна

 

 

 

 

Фота: http://fakty.interia.pl