У Каложскім парку паселяцца вавёркі
Ініцыятыва развядзення вавёрак і будовы для іх адмысловага жылля належыць уладальніку кавярні “Трошкін закуток” Сяргею Трошка.
Домікі для іх збудаваў майстра Уладзімір Раброў. У кожным з іх паселіцца па пяць вавёрак.
Вавёрчыны хаткі зробленыя з дрэва і прапітаныя спецыяльным кядровым алеем.
Перад пасяленнем вавёрак у парк іх прывучаць да новага жылля ў заапарку. Пасля перыяду адаптацыі яны “прапішуцца” ў Каложскім парку.
Кармушкі для жывёлаў размесцяць на вышыні некалькіх метраў, каб вавёркі не прызвычаіліся сядзець бязвылазна ў доміках.
З канца лістападу па сакавік жывёл будуць даглядаць школьнікі. Але пры гэтым падкармліваць іх зможа кожны ахвотны.