У Гарадзенскім раёне шукаюць парэшткі палеглых жаўнераў
Яшчэ ў красавіку пад вёскай Рацічы былі знойдзены парэшткі жаўнера рускай арміі, якая ў 1915 г. вяла тут баі з нямецкімі войскамі.
Пазней гэтыя парэшткі былі перавезеныя спачатку ва Ўладзімірскую царкву ў Гродне, а затым у Мінск, дзе былі ўрачыста перапахаваныя 2 ліпеня ў храме-помніку Усіх Святых і без віны забітых.
Даследчыкі высветлілі, што забіты жаўнер належыў да 336-га Чалябінскага пяхотнага палка Рускай арміі. Побач з чалавечымі парэшткамі знайшлі капейку 1906 года выпуска, трубку для палення і гузікі з двухгаловым царскім арлом.
Працы на месцы пахавання рускіх жаўнераў вядзе першая спецыялізаваная рота 52 асобнага пошукавага батальёна міністэрства абароны.
Побач з імі зараз працуюць і ўдзельнікі расейскага пошукавага клуба “Уралец” (на здымку).
>
Усе выяўленыя парэшткі жаўнераў перапахаваюць, а на кургане, дзе знойдзена брацкая магіла, паставяць помнік.
Гэта ўжо не першае перазахаванне ахвяраў Першай сусветнай вайны ў Гарадзенскім раёне.
Два гады таму ля вёскі Зарачанка былі перапахаваныя парэшткі 36 рускіх жаўнераў.
Усяго ў баях пад Гродна ў пачатку 1915 г. рускія войскі згубілі некалькі тысячаў чалавек. Акружаны немцамі 20-ты корпус царскай арміі пасля жорсткіх баёў быў разбіты. Многія з ацалелых жаўнераў патрапілі ў палон.
На здымку: Руская пяхота часоў Першай сусветнай вайны.
Фота: www.fortress.grodno.by