Аляксандр Смірноў: на міжнародныя турніры ездзім самі

Турнір праходзіў у польскім Мажэніне. Удзел у ім бралі беларусы, палякі і французы. Ад нашай краіны ўдзельнічалі дзве каманды па 7 чалавек. Трэцяе і другое месцы ў агульным заліку занялі польскія каманды, ну а першае, вядома, гарадзенцы!

 

– Якія перавагі і недахопы былі ў нашых хлопцаў на турніры?

– Недахопам было тое, што яны не прывыклі гуляць па гадзінніку і, у выніку, спяшаліся. Ну і досведу замала, але гэта можна паправіць.

А перавагай было тое, што ў нас шахматамі займаюцца больш прафесійна. Вось французы прыехалі: быццам бы і старэйшыя за нашых, а толькі 13-е месца занялі …

 

– А якія ўзроставыя катэгорыі былі?

– Удзельнічалі дзеці, якія нарадзіліся ў 1994-м, 1996-м, 1997-м, 1999-м, 2000-м гадах і малодшыя дзеці. Гулялі таксама і трэнеры, але іх вынікі ніяк не ўлічваліся ў паказчыкі каманд.

 

– А калі Вы пачалі захапляцца шахматамі?

– Упершыню пачаў займацца шахматамі ў дзесяцігадовым узросце і займаюся да гэтага часу. А трэнірую ўжо 20 гадоў. І дачка мая займаецца, мае першы разрад …

 

Шахматы ў Беларусі прагрэсуюць?

– Так, але ў той жа Польшчы справа арганізавана лепш. У іх у кожнай вёсцы ёсць шахматны клуб, а ў нас у Гродна толькі адзін у Палацы творчасці. Што тут казаць пра вёскі…

Да таго ж у нас вялікія праблемы з фінансаваннем. На ўсе міжнародныя турніры мы павінны ездзіць за свой кошт, а гэта ў сярэднім 250 даляраў з чалавека за адну паездку.

 

– І дзяржава вам не дапамагае?

– Дапамагае, але вельмі мала. Падтрымлівае, калі выбіраемся на турніры ў межах краіны, а за мяжу трэба самім знаходзіць сродкі.

 

Я думаю, што Беларусь магла б добра зарэкамендаваць сябе ў шахматным свеце, асабліва калі ўлічыць, што гэта нашая далёка не першая перамога…