Гарадзенцы абіраюць еўрапейскі дыплом
Многія з тых, хто наважыўся вучыцца за мяжой, выбіраюць Польшчу: краіна–суседка, зразумелая для многіх гарадзенцаў мова, недалёка ад бацькоў і, што важна, можна паступіць на бясплатнае навучанне.
Мінус толькі ў тым, што без стыпендыі. Але, як вядома, мінусы можна знайсці ва ўсім.
За апошнія гады колькасць замежнікаў у польскіх універсітэтах вырасла. Як падае польскае Міністэрства адукацыі, у Польшчы зараз навучаецца 14 тысяч замежных студэнтаў.
Паліталогія, еўрапеістыка, міжнароднае права, псіхалогія – гэтыя факультэты найчасцей абіраюць нашыя абітурыенты.
Гарадзенцы найчасцей стараюцца паступіць у Варшаўскі альбо Ягелонскі ўніверсітэты, якія лічацца прэстыжнымі не толькі ў краіне, але і ў Еўропе.
Працэс навучання ў Польшчы праходзіць па гэтак званай схеме «тры плюс два». Першыя тры гады ідуць на атрыманне ступені бакалаўра, пасля чаго cтудэнт паступае ў магістратуру на той самы факультэт, альбо на іншы.
Многім нашым студэнтам у Польшчы не падабаецца гэтая сістэма. Але не толькі нашым. Крытыкуюць сістэму 3+2 і самыя палякі.
align=”left” >Кінга Дышэровіч, студэнтка з Польшчы, якая працуе зараз валанцёркай у Гродне, лічыць, што «гэта вельмі невыгодна, бо трэба зноў паступаць, збіраць дакументы, псаваць сабе нервы».
Але плюсаў Кінга пералічыла больш:
«вялікая колькасць дзяржаўных універсітэтаў, кожны год з’яўляюцца новыя цікавыя факультэты.
Існуе праграма «Эразмус», якая дазваляе студэнтам з Польшчы паехаць вучыцца на працягу семестру ў любой краіне Еўрасаюзу».
Тэрэса Сакалоўская вучыцца ў Варшаўскім універсітэце на польскай філалогіі:
– Я вырашыла вучыцца ў Польшчы, таму што вельмі люблю польскую мову. З дзяцінства, мы з бацькамі ездзілі ў Польшчу. Пазней запісалася на курсы польскай мовы і паступіла ў Польшчу.
Я ўжо на трэцім курсе і таму мне здаецца, што навучанне ў Польшчы праходзіць на больш еўрапейскім узроўні, але ў гэтым ёсць і свае мінусы – студэнт усё павінен рабіць сам: знаходзіць матэрыялы, запісвацца на прадметы.
Многія адзначаюць, што такая сістэма навучання не пасуе да нашага менталітэту.
– Нашыя студэнты прывыклі, каб над імі стаялі і камандавалі, а запісвацца на прадметы праз інтэрнэт самому – гэта не для нашых людзей. Мы ж прызвычаіліся, што за нас усё робяць – кажа гарадзенская студэнтка Аляксандра.
Няпростым выпрабаваннем для многіх гарадзенскіх студэнтаў у Польшчы з’яўляецца і адлегласць ад дому. Не на кожныя выходныя можна дазволіць сабе паехаць да бацькоў і сяброў. Самім даводзіцца забяспечваць сабе свой побыт: рыхтаваць ежу, прыбіраць і г.д. З такім выпрабаваннем спраўляюцца не ўсе, некаторыя вяртаюцца.
Ганна Палхоўская вучыцца на гістфаку ў Варшаўскім універсітэце.
Па яе словах, найцяжэй было прывыкнуць да такой самастойнасці.
Але варта прайсці праз гэты этап, таму што польскія ўніверсітэты даюць высокі ўзровень навучання, магчымасць авалодаць некалькімі мовамі, пазнаёміцца з традыцыямі і культурай народу. Ёсць, вядома, і свае складанасці: сацыяльныя і псіхалагічныя, моўныя.
Таму некаторыя адчуваюць сябе самотнымі, але з часам і гэта адчуццё прападае.
І калі гэтае адчуванне прападае – можна пачынаць лепш пазнаваць людзей, вучыцца, знаёміцца з іншымі студэнтамі, якія вельмі пазітыўна ставяцца да беларусаў.
Гэта ж так прыемна!