Вершнік з гарадзенскай Пагоні

Многія месты дый нават ваяводзтвы былога Княства мелі сваім гербам разнастайныя варыянты агульнага дзяржаўнага гербу “Пагоня”.

Адрозьніваліся колерам, формай, узбраеньнем вершніка. Аднак ня ўсе.

 

Да прыкладу, гарадзенцы абралі сваім сымбалем шляхетнага аленя з крыжам між рогаў, які, імкнучыся да свабоды, пераскокваў праз высокую агароджу. Ці можна было знайсьці лепшае месца для пачатку ваеннага паходу?

 

Вялікакняскія харугвы часоў Грунвальду, на жаль, не захаваліся. Таму цяжка адказаць, як жа насамрэч выглядала гарадзенская Пагоня. Застаецца даверыцца выключна ўяўленьню…

 

Калі б я маляваў гарадзенскую Пагоню, то на Аленя сьвятога Губэрта я пасадзіў бы Вітаўта.

Памяць пра вялікага князя ніколі не згасала на стромых нёманскіх берагах.

Зрэшты, ня згасла яна і сёньня. З Горадняй зьнітаваныя лёсы мноства вялікіх людзей свайго часу.

 

Сярод якіх быў і Давыд Гарадзенскі, і Стэфан Баторы, Кастусь Каліноўскі ды Эліза Ажэшка, Максім Багдановіч ды Васіль Быкаў. Аднак ніхто зь іх не прысутнічае ў гарадзенскай Атлянтыдзе гэтак шмат, як князь Вітаўт.

 

Ля Старога Замку ці Замку Вітаўта, як называюць яго гарадзенцы, стаіць драўляная скульптура – таксама князя Вітаўта.

 

Скульптура зьявілася напачатку 1990-х разам з новай хваляй гарадзенскага Адраджэньня. Адтуль жа, з Замкавай гары, бачная выспа пасярод Нёмну – былы Брод Вітаўта.

 

Тады ж на Калоскім узгорку паставілі і помнік “Пагоня на Грунвальд”.

 

Менавіта тут, ля Барысаглебскае царквы, адраджэнцы прысьвячалі мясцовых хлопцаў ды дзяўчат у гарадзенцы.

 

У час тэатралізаванай пастаноўкі князь Вітаўт клаў на плечы маладзёнам меч ды прымаў ад іх клятву.

 

Адной з найбольш актыўных гарадзенскіх адраджэнскіх арганізацыяў быў тагачасны Альянс імя Вітаўта Вялікага.

Супольна ладзілася Гарадзенскае Купальле, адметнасьцю якога быў удзел у сьвяткаваньнях зноўку ж князя Вітаўта ды яго дружыны.

 

І апошняе. Сярод маіх знаёмцаў-беларусаў прынамсі пяцёра Вітаўтаў. Чацвёра зь іх – гарадзенцы.

 

Фота аўтара