ІХ пешая пілігрымка Гродна – Рось

|

У першы дзень пілігрымы дойдуць да Вялікіх Эйсмонтаў (больш за 40 кіламетраў) па маршруце Гродна (Паўднёвы) – Горніца- Каўпакі – Квасоўка— Свіслач — Капліца Заневічы- Станевічы- Вялікія Эйсманты.

7 жніўня пілігрымы працягнуць шлах на Рось праз Рэплю, Дулеўцы і Роскае лясніцтва.

У 17.15 удзельнікі пілігрымкі ўвойдуць у Санктуарыум.

Пасля імшы і канферэнцыі на тэму “Давярай Божай Міласэрнасці” адбудзецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і малітоўнае чуванне.

Апоўначы распачнецца працэсія са свечкамі вакол святыні і акт вызнання веры каля фігуры Маці Божай Каралевы Супакою.

Нядзельную імшу ўзначаліць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Пасля канцэрта моладзевага гурта «Май» з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы, пілігрымы вернуцца дамоў.

9 жніўня ўдзельнікі пілігрымкі і ўсе, хто спрычыніўся да яе арганізацыі, збяруцца ў касцёле на Паўднёвым на Імшу і супольную вячэру.

Адзін з арганізатараў пілігрымкі кс.Ежы Марціновіч распавёў “Твайму стылю”:

– У міжваенны перыяд пілігрымкі ў Рось да цудатворнай фігуры Ісуса Журботнага хадзілі рэгулярна. У Савецкі час гэтая традыцыя была занядбаная, і дзевяць год таму мы вырашылі яе адрадзіць.

У першай пілігрымцы нас было ўсяго 25 чалавек, толькі моладзь, у мінулым годзе – ужо 270 чалавек ва ўзросце ад 6 да 75 гадоў.

Запрашаем усіх!

Карміць пілігрымаў і забяспечваць ім начлегі будуць вернікі парафій, праз якія пілігрымка пройдзе.

Цудатворная драўляная фігура Ісуса Журботнага паводле Інвентарных запісаў была прывезена ў Рось з Лівана.

Першы цуд, які зафіксаваны гісторыкамі, адбыўся з яе дапамогай у 1618 годзе, калі да сляпой жанчыны пасля шчырай малітвы вярнуўся зрок.

З тых часоў пачынаецца пакланенне фігуры, яе своеасаблівы культ.

Удзячныя вернікі, якія атрымліваюць тут ацаленні, пакідаюць сведчанні ў “Кнізе цудаў” і воты (толькі ў рэестры з 1745 па 1755 год іх налічвалася 210).

Падрабязную інфармацыю пра ўдзел у пілігрымцы Гродна-Рось можна атрымаць у кс.Ежы Марціновіча па тэлефоне +375 29 784 05 72.

На фота: Пілігрымка Гродна-Рось, жнівень 2009 года.