“Кансэнт”, які пакінуў гарадзенцаў без кватэр, будзе ліквідаваны
Праведзеная Гродзенскім абласным упраўленнем дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы праверка выявіла, што па стану на пачатак чэрвеня 2010 года запазычанасць прадпрыемства па зарплатах перад працаўнікамі склала 1 мільярд 283 мільёны беларускіх рублёў.
Такім чынам, яна перавысіла адзнаку ў 400 000 даляраў – аб гэтым паведаміла намеснік начальніка абласнога дэпартамента Таццяна Хаметзянава:
– Там ідзе сістэма парушэнняў. Пастаянна працаўнікі прыходзяць і скардзяцца.
Ужываем штрафныя санкцыі. Маем права ўнесці прапанову аб прадстаўленні ў рэгіструючы ворган для вырашэння пытання аб ліквідацыі.
А працаўнікам у дадзеным выпадку толькі можам параіць звярнуцца з пазовам у суд, каб суд вынес рашэнне аб накладанні арышту на маёмасць, каб распрадаць яе і зрабіць выплаты працаўнікам.
Як паведамляе пракуратура Гродзенскай вобласці, з 2004 па 2010 гады судовымі ўстановамі разгледжана 53 справы ў дачыненні да “Кансэнта” і ўзбуджана выканаўчая вытворчасць на суму 1,8 мільярды рублёў.
Як высветліла КРУ, многія дамовы на будаўніцтва кватэр расійска-беларускай фірмай у Гародні неаднаразова перарабляліся.
Кошты квадратнага метра жылля істотна адрозніваліся ў розных дамовах: у большасці яны вагаліся ад 500 да 1100 умоўных адзінак, аднак 7 кватэр былі прададзены значна танней.
У адной з іх квадратны метр каштаваў усяго 349 000 рублёў.
Уласных сродкаў “Кансент” не меў, таму карыстаўся сродкамі грамадзян. Куды падзеліся першапачатковыя ўнёскі дакладна невядома, аднак знаходзіліся новыя кліенты, і будаўніцтва часткова вялося.
Паводле старшыні гаспадарчага суда Гродзенскай вобласці Валерыя Касцюкевіча, ёсць падставы меркаваць, што гэта была піраміда.
Рахункі “Кансента” арыштоўваліся тройчы: пракуратурай, гаспадарчым судом і судом Ленінскага раёна.
Паводле http://new.racyja.com