Гарадзенскі пенсіянер загінуў пад коламі таксі

|

У 2008 годзе вінаваты ў начной трагедыі ўжо быў асуджаны за наезд за пешахода.

Тады пацярпелы застаўся жывы, таму кіроўцу пакаралі 3 гадамі абмежавання волі без пазбаўлення правоў кіроўцы.

Трагедыя здарылася сёння ў 00.30.

Фіат Кардоба імчэў з боку кальцавой развязкі на Савецкіх Памежнікаў.

Ён збіў пенсіянера на пешаходным пераходзе па вуліцы Цітова, мужчына паспеў перайсці палову дарогі. Смерць наступіла імгненна.

Як паведамілі “Твайму стылю” ў гарадзенскім ДАІ, гэты кавалак дарогі быў добра асветлены, і кіроўца проста не мог не заўважыць пешахода.

Тым ня меньш, таксіст кажа, што чалавека на дарозе не бачыў.

Тармазнога следу на месцы здарэння няма, гэта сведчыць пра тое, што кіроўца нават не спрабаваў тармазіць.

Хутчэй за ўсё таксіст перавысіў хуткасць, аднак дакладныя прычыны здарэння, па факце якога распачата крымінальная справа, вызначыць следства.