У Беларусі павялічылася колькасць правоў для замежнікаў

|

Згодна з новай рэдакцыяй Закону, павялічаны тэрмін знаходжання замежніка ў Беларусі, напрацягу якога ён павінен зарэгістравацца. Калі раней замежнік павінен быў зарэгістравацца ў Беларусі напрацягу трох сутак, то цяпер — напрацягу 5, выключаюцца выходныя і святочныя дні.

З мэтай прыцягнення замежных турыстаў спрашчаецца і працэдура рэгістрацыі. Калі замежнікі вандруюць па ўсёй Беларусі, рэгістравацца ім дазволена адзін раз па месцы знаходжання турагенцтва. Таксама дазволена рэгістраваць замежнікаў у аграсядзібах, санаторыях, дамах адпачынку.

Згодна з новым законам, Беларусь не будзе даваць грамадзянства замежнікам, якія былі асуджаныя за здзяйсненне любых злачынстваў на яе тэрыторыі. Не маюць права на беларускае грамадзянства і асобы, якія ўчынілі тры і болей адміністрацыйныя правапарушэнні.
Зараз фармуецца банк дадзеных замежнікаў, якім часова будзе абмежаваны выезд з Беларусі. У спісе невыязных будуць тыя, хто судзімы, мае фінансавую запазычанасць перад дзяржавай, асобы, якія не плацяць аліменты. Умовы такія, як і ў невыязных грамадзянаў Беларусі.

У Беларусі пражывае і стаіць на ўліку звыш 130 тысяч замежных грамадзянаў. 62% з іх — расейцы, 31% — украінцы.

Фота http://kp.by