Прыгоды гарадзенскай харугвы пад Грунвальдам

|

Бізнес на чалавечых патрэбах

 

Не гледзячы на невыносную спёку мы ўсё ж такі пераадолелі амаль 400 кіламетраў і апынуліся ў цэнтры падзей. Адразу ўразіла маштабнасць мерапрыемства: колькасць машын, намётаў, шатроў, гандлёвых аб’ектаў… Немагчыма было адразу ўсё гэта акінуць вокам. Узнікла ўражанне, што мы патрапілі не на гістарычную, а на гандлёвую падзею: мясцовыя палякі зараблялі на ўсім.

alt=” ” sub=” ” >

Першая праблема, з якой мы сутыкнуліся – аплата намётавага месца, за якое, як папярэдне думалі, заплацім 10 злотых. Як высветлілася на месцы, патрэбна было заплаціць 12 злотых з чалавека. Да таго ж біятуалет, змешчаны на заселенай намі тэрыторыі, аказаўся таксама платным – 1 злоты, тады як туалеты на астатняй тэрыторыі былі абсалютна бясплатнымі.

 

Не гледзячы на сапсаваны настрой мы рушылі ў цэнтр, каб агледзець наваколле. Яшчэ адным мінусам аказалася адсутнасць праграмы мерапрыемства на стэндах. Праграма распаўсюджвалася толькі праз мясцовую газету, якую яшчэ трэба было пашукаць.

 

У час шпацыру па гандлёвых шапіках заўважылі, што арганізатары мерапрыемства вырашылі зарабіць і на вадзе. Паўлітровая бутэлька пітной вады каштавала ад 3 да 5 злотых. Усё залежала ад надвор’я. А было вельмі спякотна. У двух месцах была падведзена вада ў краны, аднак яна не была прыдатнай для піцця. Тут можна было толькі апаласнуцца ці пасцірацца, а для гэтага трэба было выстаяць вялізныя чэргі.

 

Але трэба аддаць належнае арганізацыі харчавання. З’есці можна было не толькі традыцыйныя на беларускіх фестывалях шашлыкі, але і лусту сапраўднага вясковага хлеба, намазанага сумяссю са шкварак і цыбулі, любога віда бульбу і мяса, запяканкі і кебабы.

 

У першы вечар мерапрыемства можна было паглядзець рэпетыцыю Грунвальдскай бітвы, наведаць сярэднявечны кірмаш і на адкрытым паветры паглядець гістарычны фільм, прысвечаны грунвальдскім падзеям. З ўсяго найбольш уразіў кірмаш, дзе можна было набыць вопратку, абутак, зброю, рыцарскую амуніцыю і шмат падобных рэчаў той эпохі (на такіх кірмашах у Беларусі нічога падобнага не даводзілася бачыць). Праўда, і кошты на гэтае дабро былі адпаведныя. Не многія вырашалі штосьці купіць.

 

Як палякі перавярнулі гісторыю

 

Раніца наступнага дня распачалася з малітвы за памерлых, палеглых у бітве. Пасля ўсе прысутныя чакалі інсцэнізацыі Грунвальдскай бітвы, якая павінна была пачацца ў дзве гадзіны. Месцы, каб сузіраць відовішча, людзі пачалі займаць ужо з 11-12 гадзін дня. Надвор’е было проста пякельнае. Таму, яшчэ да пачатку бітвы, некаторыя проста трацілі прытомнасць.

І вось нарэшце тое, чаго ўжо суткі чакалі гаспадары свята, а таксама госці з Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі, Чэхіі, Нямеччыны, пачалося. Бітва праходзіла з каментарамі вядучага, які з’яўляўся свайго роду рэжысёрам і лялькаводам. Пад яго словы варожыя войскі то сыходзіліся ў бітве, то разыходзіліся. У цэлым стылізацыя бітвы была праведзена згодна з тымі звесткамі, якія ёсць у розных гістарычных хроніках і дакументах. Але для нас, беларусаў, былі моманты, якія падаліся спрэчнымі і проста крыўдзілі.

 

Згодна з большасцю крыніц, у бітве кіруючая роля належала князю Вітаўту, які камандаваў войскам ад пачатку бітвы, тады як польскі кароль Ягайла маліўся. У сённяшняй стылізацыі Грунвальдскай бітвы ўсе лаўры былі аддазены Ягайлу, а Вітаўта ўзгадалі толькі два разы і тое ў зняважлівай форме. Маўляў, рваўся ў бой і перашкаджаў Ягайлу маліцца (для апошняга малітва была важнейшай за бой).

Другі момант – харугвы Вітаўта выйшлі на дапамогу палякам тады, калі крыжакі разлічвалі на паражэнне каралеўскага войска, якое было абяссіленае. Тут вядучы адзначыў, што не гледзячы на захаванне паганскіх звычаяў, Вітаўт і яго войска змагаліся, як сапраўдныя хрысціяне. Беларусы ведаюць іншыя бакі гэтай гісторыі. Фармальна з нашага боку быў галоўным Ягайла, але насамрэч камандаваў Вітаўт, бо Ягайла ўвесь час маліўся. І толькі пасля таго, як кіпеў бой, Ягайла стаў актыўна кіраваць яго ходам.

Пакідалі мы грунвальдскае поле з супярэчлівымі пачуццямі. Не давала спакою думка пра перавернутую палякамі гісторыю, і разам з тым перапаўняў гонар за продкаў, якія шэсцьсот год таму здолелі здабыць самую значную для нас у гісторыі перамогу.

Фота Яна Лялевіча