Большасць планаў не змясцілася ў праекце
Новы будынак прыходу неабходны не толькі таму, што царкву калі-небудзь усё ж такі пачнуць рэстаўраваць. Са слоў айца Уладзіміра Барысевіча, хата, у якой змяшчаецца нядзельная школа і адбываюцца спатканні з вернікамі, пабудаваная яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Яе ізнос складае зараз 90%. Праводзіць узімку заняткі ў будынку, які абаграваецца адной толькі печчу, не вельмі зручна. А ў школе налічваецца каля паўсотні вучняў.
«Было б і больш, – скардзіцца святар, – але ж самі разумееце: ні месца, ні ўмоваў, для вернікаў, якіх налічваецца каля трох соцен».
За месца і ўмовы заплацяць самі вернікі з дапамогай епархіі. Пры тым, не ўсе яны ведаюць пра планы гарадскіх архітэктараў. У тым ліку, пра планы зносу дамоў на вуліцах Палявой, Арлоўскага і Рыбацкай. Валянціна Мікалаеўна, адказная за генеральны план гораду, тлумачыць гэта паляпшэннем выгляду раёнаў прылеглых да Каложскага парку. Каб не заміналі аглядаць цудоўныя краявіды Каложы і Старога замку.
alt=”Аляксандр Лаўрэцкі – кіраўнік рэстаўрацыі Каложы” sub=”Аляксандр Лаўрэцкі – кіраўнік рэстаўрацыі Каложы” >
Але да гэтага яшчэ даўжэй, чым да пабудовы прыхадскога комплексу. Можа таму гэтая інфармацыя не з’явілася ў праекце. Увогуле, большасць планаў ініцыятыўнай групы не змясціліся ў ім. Іх агучыў Аляксандр Лаўрэцкі – кіраўнік рэстаўрацыйных прац Каложскай царквы. Напрыклад, па ягоным меркаванні, адразу ж пасля рэканструкцыі царква стане турыстычнай Мекай.
«Прыйдзе час, калі людзі будуць прыязджаць у Гродна спецыяльна для таго, каб паглядзець на Каложу, – упэўнены Аляксандр. – Будзе збудаваны гатэль, бо вядома, што людзі з усёй Беларусі мараць вянчацца і хрысціць дзяцей менавіта ў Каложы».
«А па святах, – дадае айцец Уладзімір, – святары проста не спраўляюцца з аб’ёмам працы».
Рэстаўрацыя Каложскай царквы будзе каштаваць гораду пяць мільярдаў рублёў. У гэтым годзе, як і ў мінулым – крызіс. Магчыма, працы пачнуцца ў наступным. Аднак рэстаўрацыя пачакае, пакуль не скончыцца будова прыхадскога комплексу.
Чаму нельга распачаць працы раней, тлумачыць адна з прыхажанак. Справа ў тым, што ў царкве знаходзіцца ўнікальны залаты іканастас і іншыя, не менш каштоўная царкоўныя прылады. На час рэканструкцыі яны мусяць быць вынесеныя з царквы: альбо аддадзеныя на захаванне іншым храмам, альбо ў прыхадскі комплекс. Пры чым, размяшчэнне ў дзеючым будынку алтара і правядзенне там хрысцін не бачыцца магчымым.
«Сябры, – кажа старэйшая жанчына, звяртаючыся да ініцыятыўнай групы, – давайце з перспектывы Бога паглядзім. Мы ж усё згубім! Нічога не вернуць. Усё ж раскрадуць!».
Новы будынак будзе ў два разы большым за стары. Працы над ім могуць пачацца ў бліжэйшыя месяцы. А потым ужо і рэканструкцыя самой Каложы. Названыя былі даволі канкрэтныя срокі: у перспектыве.