Калі ашчаднасць – перадусім

|

А беларусы так хацелі б ашчадзіць на ўсім, на чым толькі атрымаецца. Напрыклад – на гатэлі ў аэрапорце, які выйдзе ніяк не танней за 50 еўра. Да таго ж, спазніўшыся на shuttle bus, ёсць шанец заплаціць яшчэ столькі ж за таксоўку.

 

Што ж рабіць, калі паміж самалётамі (або цягніком ды самалётам) цэлых 8 гадзін, да таго ж начных – на жаль, тое часта здараецца. З дапамогай прыходзіць адмысловая старонка – sleepinginairports.net, якая ўжо 14 год збірае досвед людзей з усяго свету. Адна з навінак сайту – Airport Adventures: розныя вясёлыя ды троху жудасныя гісторыі ад наведнікаў сайту. Але нас больш цікавяць парады для пачаткоўцаў.

 

Першае і самае галоўнае – трэба заўсёды быць гатовым растлумачыць ахоўнікам, што вы тут робіце. Калі ў вас ёсць квіткі на раннішні самалёт, дык праблема адпадае, хаця заўсёды можна нарвацца на поўнага энтузіазму новенькага, які будзе здзіўлена пытацца, чаму ж вы не спіце ў гатэлі. Але можна мець 95% упэўненасць, што ніхто вас на вуліцу не выставіць. Варта прыкінуцца нявопытным ды рабіць выгляд, што вы сапраўды не хочаце тут быць, але ж вам проста няма куды ісці. Зарэшты, мабыць так і будзе.

 

align=”left” alt=”Намёт у аэрапорце Лондан Станстэд” sub=”Намёт у аэрапорце Лондан Станстэд” >Нельга забыцца на спальнік ды якісці дыванок. Яны можа і займаюць дадатковае месца ў багажы, але робяць сон на падлозе значна больш камфортным. Не зашкодзяць і цёплыя шкарпэткі, навушнікі, сурвэткі, кніга або mp3 – то бок усё, што мы звычайна бярэм у падарожжа.

 

Месца варта заняць загадзя, асабліва ўлетку, бо потым выбар можа быць істотна абмежаваны. Варта паспрабаваць адпачыць у залі для прыбываючых – яны традыцыйна больш камфортныя, бо здараецца, што сустракаючыя гадзінамі чакаюць сваякоў.

 

Ні ў якім разе не пакідайце свой багаж без дагляду, калі, вядома, вам хоць крыху яго шкада. Перад тым як пакласціся спаць, пастаўце будзільнік ды пакладзіце вакол сябе, на бачных месцах, карткі з просьбай разбудзіць вас у патрэбны час. Кажуць, гэта сапраўды працуе!

 

А вось некалькі ўражанняў гарадзенцаў ад замежных аэрапортаў ноччу:

 

Алеся:

 

– Я калісьці ночыла ў аэрапорце Рыгі. Ляцела з Гётэборгу ў Мінск праз Рыгу, але з Рыгі самалёта на тую дату ў Беларусь не было, таму трэба было чакаць ноч, і зранку ехаць на аўтобусе. На гатэль было шкада грошай, ды і чакаць аўтобуса трэба было ўсяго гадзін 6-7. Я засталася ў залі чакання адна, але спаць на крэслах не адважылася – прыйшоў нейкі п’яны латыш, які спаў на крэсле і па-расейску мармытаў мацюкі. Больш нікога не было – ні супрацоўнікаў, ні пасажыраў. Было халаднавата, але неяк датрываўшы да світанку, узяла з аўтамату каву і свежавыціснуты апельсінавы сок (таксама з аўтамату!), пагартала нейкія расейскія газеты, пакінутыя ў залі і пайшла на першы аўтобус. Рыга шэрым ранкам была проста цудоўная. Калі б давялося ночыць у аэрапорце яшчэ раз, я б моцна не пераймалася.

 

Кася:

 

– Паводле маіх назіранняў, у Еўропе для пасажыраў ранніх рэйсаў цалкам нармальна прыехаць у аэрапорт на апошнім аўтобусе, каб не траціцца на таксі, і перачакаць некалькі начных гадзінак. Бачыла ў Лонданскім Гатвіку, як прыстойна апранутыя людзі спалі расцягнуўшыся на крэслах, на падлозе ў спальніках. Цэлыя кампаніі сядзелі на дыванках па ўсёй зале. Для супрацоўнікаў аэрапорту гэта, падобна, звыклая сітуацыя: паміж спячымі пасажырамі прыбіральшчыкі мылі падлогу спецыяльнымі машынкамі, нікога не будзілі, не чапалі.

 

Сон у аэрапорце, як бачым, не проста цікавая, але і даволі бяспечная прыгода. Перад падарожжам трэба толькі звярнуць увагу на рэйтынг найлепшых і найгоршых аэрапортаў: парыжскі «Шарль дэ Голь» ды маскоўкае «Шарамецьева» не першы год у лідэрах сярод найменш прыстасаваных для сну.

 

Паводле The Budget Traveller Guide To Sleeping in Airports

Здымкі youthmedia.eu і sleepinginairports.net