Басовішча: змены ў фармаце фестывалю
Яшчэ да фэсту арганізатары паабяцалі змены, неспадзяванкі і некалькі суправаджальных мерапрыемстваў.
alt=”Image 10067″ >
А 17.00 пачынаецца конкурсная частка фестывалю, перад сцэнай пуставата. Сваю праграму прэзентуюць гурты Akute, Beton, Exist M, Вожык і Спрат. У часе выступу дзяўчат і двух хлапцоў з Бетону з’яўляецца група фанатаў падляшскага гурта, якая скандуе словы падтрымкі. Вакалістка метал-групы Exist M выклікае пазітыўныя каментары гледачоў: невялікая дзяўчына з Менску здзіўляе сваім магутным голасам. Аднак ні Бетон, ні Exist M не атрымалі поспеху – пераможцам конкурснай часткі стаў магілёўскі Akute, частка ўдзельнікаў якога грала ў Глюках.
Расклад выступаў на фестывалі Басовішча ўвесь час змяняецца. Спачатку замест Заточкі на сцэну выходзяць Schody і Rima. Падляшскія рокеры надоўга занялі гарадоцкую сцену. Іхняя цяжкая музыка, здаецца, трохі стаміла гледачоў, якія ідуць піць піва ды адпачываюць у намётах. Пасля мясцовых выступоўцаў прыходзіць час польскай зоркі – гурту Lipali, які мае не адну ўзнагароду, сярод іх прэстыжны польскі Fryderyk.
Рытмы рэгі ад Addis Abeba народу таксама падабаюцца, людзі калыхаюцца пад сцэнай. Гэты выступ адрозніваецца ад папярэдніх рок-выканаўцаў і гучыць як адпачынак пасля цяжкай музыкі. Першы дзень скончыўся канцэртам Заточкі, хаця асабліва актыўныя маюць магчымасць танчыць пад музыку беластоцкага ды-джэя.
На наступны дзень Басы бачылі вяртанне вольнай сцэны, у часе якой свае песні праспявалі між іншым польскі Kuba Rozpruwacz. Пасля выступаў на вольнай сцэне госці Басовішча чакаюць абяцаных канцэртаў зорак фестывалю – этна-трыа Троіца, Б:Н і доўгачаканага Ляпіса Трубяцкога. Гурзуф выступае перад публікай Басоў упершыню, аднак дае сабе рады – бачна, што нетыповая музыка гурта падабаецца і прыцягвае ўвагу гледачоў. Цяжка адвесці вочы ад акардэаніста-віртуоза. Зараз на сцэне бачым гурт Б:Н, які, па словах шматлікіх гледачоў, ёсць адной з лепшых прапаноў сёлетняга Басовішча. Бярозаўскі гурт прэзентуе поўны агляд песняў, не мінаючы адзін з бесспярэчных гітоў – «Дажджамі», дзеля якога на сцэну запрасілі Яўгенію Хіло.
Пасля Б:Н мае выступіць Ляпіс Трубяцкой, публіка скандуе назоў гурта, выклікаючы яго на сцэну. Урэшце Сяргей Міхалок выходзіць і адразу пачынае першую кампазіцыю – без розных занадта доўгіх прывітанняў. Перш чым праспяваць песню, дэкламуе расейскамоўныя вершы, ствараючы адпаведны настрой. Музыкі шалеюць, нібы ўвайшлі ў транс. Публіка таньчыць пад сцэнай, лунаюць два сцягі, людзей заўважальна пабольшала – шмат хто прыехаў выключна дзеля Ляпісаў. Чуем песні з новага і старых альбомаў. Аднак не дачакаліся «Зорачак» – Ляпіс ігнараваў воклічы публікі, якая голасна іх патрабавала. Пасля канцэрту Ляпісаў, не гледзячы на заклікі вядучых, натоўп пачаў разыходзіцца.
Таму гурт Троіца сустракае меншая колькасць гледачоў. Іван Кірчук доўга рыхтуецца да выступу, але калі пачынае спяваць, тыя, хто застаўся, разумеюць – было варта.
Ад самага пачатку працы над арганізацыяй 21-га фестывалю Басовішча падкрэсліваліся змены, звязаныя з прыходам у БАС маладога пакалення. Арганізатары прывыклі ўжо адказваць на пытанні пра свае матывы. Сёлета яны вырашылі даць шанец маладым, але вядомым у Беларусі гуртам і адэкватна паставіцца да назову «Фестываль Музыкі Маладой Беларусі». Адна з арганізатараў, Наталля Рудчык цалкам задаволеная гэтым выбарам:
– Узровень музыкі вельмі высокі. Калісь беларуская музыка, якая стаяла супраць улады і супраць усяго, была рок-музыкай, а цяпер яна развіваецца, ёсць і фольк, рэп, тэхна і ўсялякія іншыя жанры. Усё гэта можам пачуць на Басовішчы.
Шмат у каго ўражанне, што мінулым разам прыехала нашмат больш гледачоў. Магчыма таму, што сёлета няма традыцыйных хэдлайнераў, надвор’е не спрыяе актыўнасці. Не атрымалася забяспечыць бясплатнымі візамі беларусаў – таму іх колькасць на Басах зменшылася. Не гледзячы на ўсё гэта, фестываль спадабаўся. Эва, глядачка:
– Я прыемна здзіўленая тым, што без беларускіх гуртоў тыпу N.R.M. усё добра атрымалася. Людзей малавата, але гэта зразумела, калі фестываль некамерцыйны.
Навінкай 2010 году былі пляж і намётавы гарадок даволі далёка ад сцэны. Старым наведнікам Басоў цяжка зразумець, чаму гарадок перанеслі, але частка людзей задаволеная гэтым. Гледачы звяртаюць увагу на прынятыя меры бяспекі (напрыклад, загад, каб намётавыя вяроўкі былі яркімі, прыкметнымі ўначы), а таксама на тое, што цяжка паспаць даўжэй – на полі няма ценю, а сёмай раніцы немагчыма спаць. Прахалоду і палёгку ад спёкі можна шукаць у лесе ды пры гарадоцкім заліве. Здаецца, што да вечару большасць людзей была менавіта там, усе купаліся і загаралі.
Басовішча 2010 запомніцца як чарговы этап зменаў у фармаце фестывалю. Пакуль няясна да канца, ці карысныя яны для фэсту. Немагчыма заставацца на тым жа самым месцы, не развівацца, не імкнуцца да лепшага. Сёлетні намётавы гарадок ці спіс выканаўцаў – гэта не тое, што сведчыць пра поспех мерапрыемства ў перспектыве.
Фота Маі Зентары
Рэпартаж з Басоў слухайце, і глядзіце на “Тваім Стылі”!