Найлепшы горад Балгарыі
Першы са згаданых манархаў – кароль Польшчы і Вялікі Князь Літоўскі Уладзіслаў Варнэньчык, сын Ягайлы, які загінуў у бітве з Туркамі менавіта пад Варнай. Праўда, цела гэтак і не знайшлі, а адрубленая галава, якую выстаўляў на паказ султан Мурад ІІ, была быццам бы зусім і не каралеўскай. Гэта прывяло да паўстання легенды, надта падобнай да папулярных міфаў пра Элвіса ці Джыма Морысана: маўляў, кароль уцёк на партугальскую выспу Мадэйру, дзе і спакойна пражыў рэшту жыцця.
Як бы там не было, памяць пра Уладзіслава захавалася і сёння: адна з цэнтральных вуліц Варны завецца ў гонар смелага каралевіча. Калі прайсціся па ёй дастаткова доўга, можна ў выніку пабачыць кенатаф Варнэньчыка – гэтакі маўзалей без цела памерлага. Мне не хапіла ні часу ні ахвоты, каб туды дабрацца.
alt=”Драматычны тэатр, ён жа – Опера” sub=”Драматычны тэатр, ён жа – Опера” >
Другі кароль – значна бліжэйшы да ўсіх нас, але няма пэўнасці, ці ўсе гэтаму радыя. Я кажу пра Філіпа Кіркорава. Балгарска-савецка-расійскага спевака, што нарадзіўся ў Варне, не пазбавіш тытула караля, незалежна ад уласных густаў. У горадзе ягоных плакатаў поўна, пры тым чамусці яны заўсёды вісяць па два: на адным у Філі прыгожыя, густыя валасы, а на другім ён лысы, быццам Саладуха, але затое ў двух экзэмплярах.
Чым Варна гэтак прыцягвае каралеўскія асобы, адназначна сказаць цяжка, але можа мець уплыў тое, што горад лічыцца лепшым месцам для жыцця ва ўсёй Балгарыі: аб гэтым з гонарам паведамляе дошка на ў’ездзе. Дарэчы, амаль адразу за ім бачная іншая візітоўка гораду – здаравенны сацрэалістычны помнік, што ўзвышаецца на ўзгорку ды ўяўляе з сябе нешта паміж брамай ды каўчэгам з велізарнымі квадратнагаловымі савецкімі салдатамі і гэтакімі ж кубістычнымі балгаркамі (жанчынамі, а не піламі). Каб адцягнуць увагу ад сімвалу нядаўняй гісторыі, пад узгоркам на высокіх мачтах павяваюць на ветры такія ж мегаламанскія сцягі Балгарыі ды Еўрасаюзу. Мясцовыя, здаецца, помнік не надта шануюць, бо зблізу ён нагадвае сметнік, пры тым яшчэ асабліва занядбаны.
У самім горадзе таксама хапае знакаў зусім нядаўняй прысутнасці тут ужо няіснай Краіны Шчасця. Гэта і паркавыя скульптуры, сярод якіх можна спаткаць гіпсавых дзетак у стылі савецкага прымітывізму, і хрушчоўкі, цэлыя кварталы якіх добра праглядаюцца з любога з навакольных узвышшаў, і чарговы маштабны памятны знак – як вынікае з барэльефаў на пастаменце, два каменныя асілкі са сківіцамі a la Шварцэнегер сімвалізуюць камуністаў Варны і іх змаганне з фашызмам.
Але не трэба лічыць Варну безнадзейным запаветнікам камунізму, хай сабе і эстэтычным. Цэнтральныя вуліцы, тыповыя для курортнага мястэчка першай паловы дваццатага стагоддзя, поўняцца мадэрновымі, канструктывістычнымі ды эклектычнымі камяніцамі. Некаторыя з іх не зусім прэзентабельныя, але цалкам закінутых няшмат. Сярод «забытых» будынкаў у цэнтры – каталіцкі касцёл, які выглядае як дзесяткі яго братоў у Беларусі. Праўда, гэта не зусім руіна – ён мае хутчэй выгляд «замарожанага» рамонту, але ж і такую практыку мы з уласнага вопыту ведаем.
Справа, мабыць, у невялікай колькасці каталікоў у горадзе – ім хапае адной дзейснай святыні. А вось праваслаўнымі цэрквамі, што не павінна дзівіць, Варна можа пахваліцца. Я налічыў іх шэсць (сярод іх адну армянскую) і ўсе яны, хаця не заўсёды заслужана, з’яўляюцца пунктамі ў турыстычнай мапе гораду. Чагосці надта даўняга няма – 1602 год гэта максімум, але няма чаму дзівіцца, калі горад належаў туркам нязменна ад 1391 году і толькі ў 1878 у выніку расійска-турэцкай вайны ўвайшоў у склад новапаўсталай Балгарыі.
Антытурэцкасць і пэўная русафілія, дарэчы, гэта тое, што можна рэальна пачуць. Разглядаючы нейкі дрындулет у музеі ваенна-марскога флоту, лёгка патрапіць на подпіс, што «гэты карабель звёў з гэтага свету столькі ды столькі туркаў». Вуліца Цара-Вызваліцеля таксама кажа сама за сябе.
Вяртаючыся значна раней у гісторыю Балгарыі, сустракаем грэцка-рымскі яе перыяд. Больш за ўсё пра яго можна даведацца з цалкам прыстойнага археалагічнага музею, вакол якога раскіданыя бутафорскія «рымскія» амфары. Элементы, што адсылаюць да тых часоў, можна знайсці і ў горадзе – гэта, напрыклад, рымскія тэрмы, якія не надта добра захаваліся.
Старадаўнім можна назваць і манастыр Аладжа, што ў 15 кіламетрах ад Варны. Мясцовы must see, як сказалі мне балгары. І сапраўды, адзін факт, што хрысціянскія пустэльнікік жылі там ужо ў IV ст. н.э. выклікае цікавасць. Калі ж вас не цікавяць пячоры выдаўбаныя ў скалах, то зазірніце ў больш традыцыйны манастыр св. Канстанціна і Алены.
Троху практыкі
Кошты параўнальна невялікія: піва мажны набыць ужо за 1.20 леў (дарэчы, я не заўважыў ніякіх праблем з піццём яго на вуліцы), каву выпіць за 2-3 лева, таксоўку з акраіны да цэнтру ўзяць за 5. Дарэчы, для некалькіх асоб яна можа выйсці не толькі хутчэй, але і танней за аўтобус. Уваход у рознага кшталту музеі – 4 левы. Вось толькі фатаграфаванне ўнутры цэркваў чамусці дасягала касмічных 15 леў. Для яснасці: еўра каштуе 2 левы.
Есці вельмі рэкамендую ў рэстаране Варненскай Абшчыны – мясцовага самакіравання. Гэты высокі будынак, быццам выняты са старых фільмаў пра Бэтмэна, стаіць троху далей ад самога цэнтру. Правілы такія ж, як, напрыклад, у сталоўцы Еўрапарламента ці іншых афіцыйных устаноў у розных краінах – істотную частку коштаў пакрываюць мясцовыя падаткі, таму ўсё выходзіць значна танней. То бок, за 2 левы можна атрымаць не адну, даволі сярэдненькую каву, а цэлых дзевяць (!) і смачных.
У канцы не магу не напісаць, пра пачуццё глабальнай несправядлівасці, што авалодала мною, калі я прагуляўся па вулках Варны. Так, тут працуе банк Societe Generale ды можна закупіцца ў New Yorker. Але ўсё гэта далей выглядае быццам Беларусь дзесяць год таму. Толькі ані тады, ані цяпер мы не ў ЕС.
Лёша Шота,
Варна-Кракаў-Гродна
Фота аўтара