Гукі джазу на беразе Нёмана

| Без катэгорыі

Неразбэшчаная джазавымі канцэртамі гарадзенская публіка запоўніла дворык Новага замку практычна напоўніцу, як і мінулым разам. Вядучым канцэрта быў запрошаны Сяргей Пукст – унікальны музыка, музычны крытык, радыёвядоўца і мастак. У якасці вядучага джагавага фэсту ён глядзеўся значна больш арганічна і цікава, чым вядучы Радыё Гродна ў мінулым годзе.

align=”left” alt=”Сяргей Пукст” sub=”Сяргей Пукст” >Традыцыйна для гарадзенскага джаз-фэсту свае сэты адыгралі аркестры розных службаў. Як, напрыклад, эстрадна-духавы аркестр МНС з Гродна і аркестр ГУУС Мінгарвыканкама. Граў таксама «Big Band Барыса Мягкова» гарадзенскай філармоніі. Хіба што найбольш цікавымі для слухачоў сталі выступы зоркі сучаснага беларускага джазу Apple Tea трыа «Трохвугольнік» Сяргея Пукста. Сваю добрую порцыю слухацкай увагі і авацыяў атрымалі гурты «Cherry Jazz», самы малады на фестывалі гурт, які адыграў фанк сэт, «ARTFILE» ды «Seven Heaven Group», які граў па вялікім рахунку блюз.

 

Удзел гурта «Apple tea» планаваўся яшчэ ў мінулым годзе, але па розных прычынах гурт тады не прыехаў. Як распавёў адзін з арганізатараў канцэрту, Сяргей Фінскі, «у гэтым годзе мы вырашылі паспрабаваць яшчэ раз і … усё атрымалася!».

 

На ўсе папярэднія фестывалі джазу ў Гродна прыязджалі госці з Літвы і Польшчы, што стала ўжо традыцыяй. Аднак сёлета ў праграме сярод выступоўцаў ніводнага замежнага гурта не значылася.

 

– Дата правядзення фестывалю двойчы змянялася з прычыны святкаванняў угодак Грунвальду і раскопак на тэрыторыі Новага замка. Гэтыя змены паламалі ўсе планы прыезду гасцей з Літвы і Польшчы, – патлумачыў Сяргей Фінскі. – Прадстаўнікі польскага і літоўскага консульстваў ў якасці гасцей прысутнічалі, а вось з музыкамі не атрымалася.

 

На тэрыторыі замка можна было ўладкавацца амаль паўсюль, што атмасферы фэсту дадавала нязмушанасці. Моцныя напоі, нязменны шашлык і пластыкавыя столікі зарганізаванага тут жа кафэ троху псавалі джазавую атмасферу. Тут жа можна было набыць памятныя цішоткі з надпісам «Grodno Jazz».

У сярэдзіне канцэрту надвор’е значна сапсавалася, узняўся моцны вецер. У музыкаў адляталі ноты, арганізатары турбаваліся, ці ўтрымаецца сцэна. Яе давялося ўмацоўваць дадатковымі тросамі. Людзі пачалі хвалявацца, але неўзабаве неба выяснілася і джазавы канцэрт прадоўжыўся сваім чынам.

 

Кожны ўдзельнік фестывалю атрымаў граматы «За ўклад у развіццё джазу». А ў завяршэнне канцэрта быў арганізаваны музычны джэм-сэйшн – запальвалі Сяргей Пукст (вакал) і Сяргей Фінскі (бубны).

 

Фота аўтаркі

 

Такама глядзіце відэарэпаратаж з месца Яўгена Сліжа.