Куды прыводзяць сны
«Inception» гэта гісторыя таленавітага спецыяліста па снах Дамініка Коба, які зарабляе на жыццё прамысловым шпіянажам новага пакалення: ён крадзе інфармацыю наўпрост з галоваў спячых людзей. Але аднойчы яму прапануюць значна складанейшую працу – змясціць у галаве канкурэнта зусім новыя дадзеныя. Тыповы кіберпанк, скажаце вы.
Але «Inception» аднесці да гэтага гатунку можна толькі ўмоўна: ёсць сюжэт пра спецыялістаў, якія працуюць для транснацыянальных карпарацый з выкарыстаннем пашыраных магчымасцяў мозгу. Але няма змрочнасці ды безвыходнасці, імплантантаў ды кібаргаў. Будучыня ў Нолана значна бліжэйшая нам і тэхналагічна і эстэтычна.
align=”left” alt=” ” sub=” ” >Акрамя таго, у стужцы знайшлося месца і свядомым снам, пытанню пра рэальнасць жыцця ды каханню, мацнейшаму за смерць. Нічога не нагадвае? «Джоні-Мнеманік», «Абуджэнне жыцця», «Папрыка», «Куды прыводзяць мары», «Матрыца», «Экзістэнцыя», «Нірвана», «Успомніць усё»… Гэты шэраг можна працягваць яшчэ доўга. Нолан бярэ лепшае з лепшых папярэднікаў, але і не забываецца пра ўласны стыль.
Цешыць даволі ашчаднае выкарыстанне спецэфектаў. Улічваючы тэматыку – сны, можна было чакаць вар’яцтваў не меншых за фантазіі Тэры Гільяма, але сон у Нолана надта нагадвае «матрыцу» – ён здаецца цалкам рэальным, пакуль ты ў гэтым не сумняешся. Гэта, зрэшты, можа быць і папрок у бок рэжысёра.
На экране, акрамя добрай, але надта тыповай ролі ДыКапрыё (адразу ўзгадваюцца «The Departed» і «Shutter Island»), цешыць маладзенькая Элен Пэйдж, выразная Марыён Катыяр, якую мы добра памятаем па мінулагодніх «Ворагах грамадства», ды стары Майкл Кейн – відаць улюбенец Нолана. Рэшта каманды таксама не падводзіць. Банда «ментальных злодзеяў» сапраўды харызматычная і разнастайная, як у добрым heist film.
Адразу развею пэўны міф, што стварыўся вакол «Inception» у першыя ж дні паказу: фільм насамрэч вельмі просты ды без асаблівых сакрэтаў, на інтэлектуальнае адкрыццё не цягне. Усё можна зразумець пры першым праглядзе. Толькі не варта пераключаць увагу цалкам на піва ці чыпсы – ашчадзіце калі не сваё разуменне стужкі, дык хаця б чужы камфорт. Наведнікі Чырвонай Зоркі мяне на ашчадзілі.
І, хвіліну да таго, як запаліцца святло ў зале, апошні почырк аўтара перад развітаннем – правакацыйнае пытанне ў самым канцы: ці наш свет рэальны ці можа мы толькі спім?
Фільм: Пачатак / Inception, 2010 г., ЗША-Вялікабрытанія, 148 хв.
Рэжысёр: Крыстафер Нолан
Жанр: экшн, фантастыка, трылер
Асабістая ацэнка: 8 / 10