Дзед Мароз ніколі ня быў паўстанцам, альбо Ў Новым годзе рэвалюцыі ня будзе

Штораз бліжэй да Новага году грамадзтва згадвае тых, да каго на працягу астатняе пары звычайна ставіцца паблажліва. Да астролягаў ды іншых прадказальнікаў. Вось тут і надыходзіць сапраўдная “зорная гадзіна” для знаўцаў патаемных сэнсаў зорных раскладаў. Ці будзе канец сьвету, колькі пратрывае крызыс і ці ператрываем яго мы, чым займацца напрацягу наступных 12 месяцаў, ці ўродзіць бульба й ці застанецца ўва ўладзе дыктатар – на ўсе пытаньні, як выяўляецца, можна атрымаць адказ, банальна тыцкнуўшы пальцам у неба.

 

Дарэчы, раней Новы год у нас адзначалі значна часьцей. Каталіцкаму 1 студзеня нязьменна папярэднічала праваслаўнае 1 верасьня. І ад абодвух упарта адхрышчвалася паганскае 1 сакавіка. Магчыма, у колішняй традыцыі множнасьці сьвята хаваецца і тлумачэньне сёньняшняга адзначэньня ўсёй грамадой і “рускага”, і “беларускага”, і “польскага” Новых годаў – з інтэрвалам у гадзіну. Можна тут прыгадаць і пазьнейшыя Стары, Кітайскі, Жыдоўскі ды іншыя Новыя гады – але гэта ўжо не істотна й залежыць выключна ад памеру гаманца ды пачатку працоўнага тыдня. Прынцып множнасьці Новага году не зьмяняецца.

 

Аднак, напэўна, прычыны сучаснай множнасьці Новага году адрозьніваюцца ад колішніх, рэлігійных. Сёньня ўсё значна прасьцей: навагоднія абяцанкі банальна ня спраўджваюцца. Мы можам колькі заўгодна абяцаць самым сабе пачаць з Новага году рабіць ранішнюю гімнастыку, наведваць басэйн ці кінуць паліць, складаць плян дзеяньняў для кансьпіратыўнай арганізацыі альбо запачаткоўваць падрыхтоўку да паўстаньня на бліжэйшае 1 студзеня ды пазначаць у календары свой удзел у будучай акцыі наўзамен праігнараванай сёлета – усё гэта лухта. Гэта як апраўдваць сваю адсутнасьць на Плошчы абавязковай прысутнасьцю ў адным з наступных, але ўжо бессэнсоўных пікетаў. Усё, чувак, позна: альбо цяпер, альбо ніколі! Чаго варты твой енк пра “жыве!”, калі нават ты жыць зьбіраесься як-небудзь потым?

 

Зьмены не прапісаныя ў календарах і не закладзеныя ў прагнозах. Усе зьмены нараджаюцца выключна ў тваёй галаве і ў тваім сэрцы, толькі тут і цяпер – а ня заўтра, празь месяц ці ў ноч з 31-га на 1-га. Ты можаш тупа адзначаць чарговую варыяцыю Новага году ў марным чаканьні халяўнага шчасьця, але ніхто ніколі й нічога за цябе рабіць ня будзе. Кожны з нас зьяўляецца носьбітам Свабоды й Супраціву, кожны з нас ужо зьяўляецца Свабодай і Супрацівам – навошта ж тады адкладаць Быцьцё сабою на нейкую дату ў календары?

 

Урэшце, пераносячы ўсе зьмены ў Новы год, ты прыпадабняесься да дыктатара: ён робіць тоесама. Штогод пад пырскі шампана вусы з экрану абяцаюць табе, што вось у Новым годзе зажывем дык зажывем! Ты лупіш мандарынку, а вусы працягваюць нешта там пра добры заробак і новыя далягляды. Пазіраеш на гадзіньнік у чаканьні курантаў, а вусы па-змоўніцку падміргваюць табе: чувак, усё зашыбісь, мы сустрэнем Golden Age з табой разам! Не-не, ты, вядома ж, ужо ня верыш яму: другі дзясятак гадоў верыць у тое, што дагэтуль ня спраўдзілася, здольны толькі вар’ят. Ты ж не вар’ят, праўда? Але ж чаму тады ты верыш падобным, толькі ўласным абяцанкам? Навошта зьбіраесься жыць лепш потым, калі-небудзь, заўтра, празь месяц, праз год – замест таго, каб зрабіць гэта ўжо сёньня, цяпер?