Зэльва запрашае на 100-годдзе Ларысы Геніюш

|

Урачыстае мерапрыемства пачнецца ў 10 гадзін у зэльвенскай Троіцкай царкве з памінальнай малітвы. У гэтай жа царкве адкрыецца выстава, прысвечаная жыццю і творчасці пісьменніцы.


Пасля гэтага адбудзецца ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай шыльды на доме па вуліцы Савецкай, дзе з 1956 да 1983 года жылі Ларыса і Янка Геніюшы.


У 14 гадзін у Зэльвенскім РДК адбудуцца вялікая літаратурная вечарына і прэзентацыя трох кніг Ларысы Геніюш.


Гэта збор твораў у 2 тамах – самае поўнае, жанрава разнастайнае, тэксталагічна апрацаванае і пракаментаванае выданне яе спадчыны. Акрамя цудоўных вершаў і паэм, у кнігі увайшлі аўтабіяграфічны нарыс “Сто ранаў у сэрца”, які ў кніжных выданнях раней не друкаваўся, і дакументальная аповесць “Споведзь”.


У другім томе можна будзе знайсці 160 лістоў паэткі да знаёмых і сяброў, большая частка якіх друкуецца ўпершыню.

Трэцяя кніга – біяграфічны альманах “Асоба і час” – цалкам прысвечана Ларысе Геніюш. Падобны альманах, прысвечаны адной асобе, у Беларусі выдаецца ўпершыню.


Усе гэтыя выданні ўдзельнікі юбілейнага свята змогуць набыць у Зэльве.

Завершацца юбілейныя ўрачыстасці на зэльвенскіх могілках ускладаннем кветак на магілу Ларысы і Янкі Геніюшаў.

 

Фота: Радыё Свабода