Смерць на ўзрост не зважае
Трагедыя на Воранаўшчыне здарылася ля вёскі Беняконі.
Апоўнач кіроўца “Фольксвагена” насмерць пераехаў 17-ці гадовую дзяўчыну і 22-х гадовага хлопца. Ахвяраў не ўратавалі і флікеры.
Пацярпелі і пасажыры “Фольксвагена” – 23-х гадовы жыхар Воранава і 17-ці гадовая жыхарка вёскі Дайнова. Абодва атрымалі траўмы і знаходзяцца ў шпіталі.
Сам жа кіроўца з месца здарэння ўцёк, але хутка быў затрыманы ў сваім доме.
У гэты ж дзень пад коламі кіроўцы з Мінску загінуў 6-ці гадовы жыхар Ашмянскага раёна. Дзіцё раптоўна выбегла на дарогу…
Яшчэ адной ахвярай стаў 30-ці гадовы жыхар вёскі Дзітва. Паводле папярэдніх дадзеных міліцыі, мужчына быў п’яны і заснуў пасярод дарогі, дзе яго і пераехаў невядомы пакуль кіроўца.
Нядзельным вечарам спіс ахвяраў маглі папоўніць і две школьніцы. На пераходзе на праспекце Касманаўтаў у Гродне на іх наехаў 31-гадовы гарадзенец. У выніку вучаніца 10-га класа апынулася ў шпіталі, а яе сяброўку-дзевяцікласніцу медыкі адпусцілі дадому.
На здымку: той самы “Фольксваген”, пад коламі якога загінула маладая пара ў Воранаўскім раёне.
Фота: voronovo.by